У Беларусі шукаюць кіроўцу, які пад Бялынічамі на дарозе збіў мядзведзя і ўцёк з месца здарэння. Яму пагражае да 9200 рублёў штрафу. 

Істотныя спагнанні за знішчэнне рэдкіх відаў звяроў — даўняя прававая традыцыя на беларускіх землях.

Статут ВКЛ 1529 г.

Яшчэ ў самым першым Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1529 года ёсць адпаведны раздзел 9 «Пра ловы, пушчы, бортнае дрэва, пра азёры, бабровыя гоны, пра хмельнікі і сакаліныя гнёзды», які рэгламентуе правілы палявання, браканьерства і маёмасныя пытанні, з імі звязаныя.

ВКЛ, скамарохі з мядзведзем. Гравюра 1555 г.

ВКЛ, скамарохі з мядзведзем. Гравюра 1555 г.

Незаконная здабыча зубра, згодна з Статутам, абкладаецца штрафам у 12 рублёў, лася — шэсць рублёў, дзіка ці рысі — рубель. Мядзведзь каштаваў тры рублі, як і дзікі конь, якія тады вадзіліся яшчэ ў беларускіх пушчах.

Што ж такое было тры рублі ў вялікалітоўскія часы?

Калі прыкінуць, што вядро піва тады каштавала тры грошы (у рублі — 100 грошай) і скласці прыкладную прапорцыю, выйдзе 3—4 тысячы на сённяшнія грошы. Відаць, і штрафы за знішчэнне мядзведзяў тады былі меншыя, чым цяпер, і піва даражэйшае. Не дзіва, калі ўлічыць, як вырасла вытворчасць піва і ўпала колькасць мядзведзяў на тэрыторыі краіны.

І яшчэ факцік аматарам настальгіі: тыя ж самыя тры рублі быў штраф за збіццё службовай асобы (цівуна, прыстава) пры выкананні абавязкаў, а таксама за забойства парабка-нявольніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?