Падлетак са Слоніма, які забіў бабулю і дзядулю, мог кіраваць сваімі дзеяннямі. Гэта паказала комплексная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза, распавяла ў эфіры «Альфа-радыё» афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова, паведамляе БЕЛТА.

Эксперты выявілі пэўныя праблемы з псіхікай падлетка. «Аднак ён у поўнай меры можа ўсведамляць грамадска небяспечны характар сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Таму падлягае адказнасці на агульных падставах», — патлумачыла афіцыйны прадстаўнік СК. Наяўныя адхіленні, па яе словах, не ўплываюць на здольнасць несці адказнасць за дзеянні.

Чытайце таксама: Скульптара Богдана і яго жонку, імаверна, забіў унук, у якога яны знайшлі электронную цыгарэту

Расследаванне гэтай крымінальнай справы завяршаецца. Чакаецца, што ў бліжэйшы час матэрыялы будуць перададзеныя пракурору для вырашэння пытання аб накіраванні ў суд.

Следчыя сабралі доказы, якія кажуць аб вінаватасці падлетка ў злачынстве. Сам ён дае прызнальныя паказанні. Ён пацвердзіў іх у ходзе праверкі на месцы злачынства. Прыладай здзяйснення забойства прызнаныя нож, шуфлік і сякера, якімі хлопец нанёс шматлікія цялесныя пашкоджанні бабулі і дзядулі. Акрамя таго, ён наносіў удары рукамі і нагамі.

Матывам забойства, як выявіла следства, сталі непрыязныя адносіны, якія склаліся ў сям'і. Забойству папярэднічаў канфлікт, заснаваны на працяглым неразуменні адзін аднаго. Следчыя лічаць, што сваю ролю адыграў і той факт, што хлопчык выхоўваўся без бацькоў.

Як паведамлялася, раніцай 13 красавіка 16-гадовы падлетак распавёў аб забойстве сваіх бабулі і дзядулі ў Слоніме. Да месца злачынства накіравалася следчая група мясцовага РАУС. У доме яны выявілі трупы з мноствам ран: мужчыны 1953 года нараджэння і жанчыны 1956 года нараджэння. Пасля юнак прызнаўся, што забіў сваякоў, і быў затрыманы. Яму выставілі абвінавачанне па п. 1 ч. 2 арт. 139 КК Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0