У постсавецкім грамадскім дыскурсе ноўгарадскі князь Аляксандр Неўскі вядомы ў першую чаргу з фільма Эйзенштэйна і сталінскай прапаганды як змагар з заходняй «навалай» — Нямецкім (Тэўтонскім) ордэнам і шведамі. Зазначым, што ў расійскіх медыя мала гавораць пра іншы вектар палітыкі Аляксандра, які трымаўся на падтрымцы мангольскага хана. Паводле адной з версій, менавіта з часоў супрацоўніцтва Неўскага з манголамі пачынаецца традыцыя расійскага дэспатычнага самадзяржаўя.

Аднак крыніцы — Пскоўскі і Ноўгарадскі летапіс, нямецкія хронікі — дазваляюць казаць пра існаванне на Русі ў першай палове XIII ст. і «заходняй альтэрнатывы», якая ўвасобілася ў палітыцы пскоўскіх князёў. Яны былі хаўруснікамі рыжскага біскупа Альберта і полацкага князя Уладзіміра і ворагамі Аляксандра Неўскага і яго бацькі, суздальскага князя Яраслава Усеваладавіча.

Надмагільная дошка з выявай князя Уладзіміра Мсціславіча і княгіні Агрыпіны, вырабленая для сабора ў Ржэве ў канцы XVII ст. Каляровая літаграфія з кнігі ураджэнца Полацка А.К. Жызнеўскага «Апісанне Цвярскога музея: Археалагічны аддзел» (Масква, 1888).

Надмагільная дошка з выявай князя Уладзіміра Мсціславіча і княгіні Агрыпіны, вырабленая для сабора ў Ржэве ў канцы XVII ст. Каляровая літаграфія з кнігі ураджэнца Полацка А.К. Жызнеўскага «Апісанне Цвярскога музея: Археалагічны аддзел» (Масква, 1888).

Паўстанне супраць князя

Князь Уладзімір Мсціславіч быў сынам ноўгарадскага князя Мсціслава Расціславіча Храбрага. З 1208 года Уладзімір княжыў у Пскове, на чале пскоўскіх і ноўгарадскіх палкоў хадзіў на Літву, якая частымі набегамі непакоіла насельніцтва Полацкай, Пскоўскай і Ноўгарадскай зямлі.

Але на чацвёрты год кіравання адбыўся крызіс улады. У маі 1212 храніст Генрых Латвійскі зазначае, што «рутэны з Пскова паўсталі супраць свайго князя Уладзіміра, які аддаў дачку ў жонкі брату біскупа рыжскага, выгналі яго са свайго горада з сям’ёй. Ён пабег да караля Полацка, які прыняў яго неахвотна. Тады ён пайшоў са сваімі мужамі і родам сваім да Рыгі і быў там ветліва прыняты біскупам».

Ускосныя звесткі пра выгнанне ёсць і ў Ноўгарадскім летапісе, які пад 1213 паведамляе: «У Пятроўскі пост наехала літва бязбожная, Пскоў папаліла; пскавічы ж у той час выгналі князя Уладзіміра». Такія ж сведчанні знаходзім у пскоўскім летапісе, у якім Уладзімір чамусьці названы «літоўскім князем».

Цікава, што ні ноўгарадскі, ні тым больш пскоўскі летапісец не паведамляюць прычыны выгнання князя, якую яны, імаверна, ведалі, аднак распавядаць не хацелі, сканцэнтраваўшы ўвагу на літоўскім набегу. Працытаваны вышэй тэкст з хронікі Генрыха ўтрымлівае інфармацыю, якую сам выгнаны князь мог паведаміць у Рызе. Пераканаўчай падаецца заўвага да гэтага ўрыўка расійскай даследчыцы Веры Матузавай: «Сваяцтва князя не проста з кіраўніком каталіцкай дзяржавы, а з каталіцкім біскупам было асабліва непажаданым для царкоўных уладаў Ноўгарада і Пскова». Цалкам мажліва, што выгнанне Уладзіміра мог арганізаваць пскоўскі праваслаўны епіскап, які меў у горадзе большы ўплыў, чым князь. У Пскове, як і ў Ноўгарадзе, якія былі баярскімі рэспублікамі, непажаданыя князі доўга не заседжваліся.

Полацкі прыём

Пасля выгнання з Пскова Уладзімір вырашае адправіцца да полацкага князя (таксама Уладзіміра). Чаму ён едзе не да сваякоў у Рыгу, хоць адлегласць да Рыгі і да Полацка прыкладна аднолькавая? Відаць, выгнанец кіраваўся феадальнымі традыцыямі. Паводле ўмоваў «вечнага міру» 1210 паміж рыжскім біскупам Альбертам і полацкім князем Уладзімірам першы абавязваўся збіраць даніну з паганцаў-ліваў для Полацка. Такім чынам, па звычаі таго часу, рыжскі біскуп станавіўся фармальным васалам Полацка. Бо раней лівы (паганцы, насельнікі земляў сучаснай Латвіі) плацілі даніну васалам полацкага князя — князям Кукенойса і Герцыке.

Але ў Полацку пскавічоў прынялі няветла, і князю давялося паехаць у Рыгу. Можна выказваць розныя версіі, чаму полацкі князь так абышоўся з выгнанцам. Магчыма, Уладзімір Полацкі хацеў захаваць добрыя адносіны з Псковам і Ноўгарадам, якія маглі б дапамагчы ў непазбежным канфлікце з немцамі.

Замужам — не за біскупам

Вядома ж, дачка Уладзіміра пскоўскага была замужам не за рыжскім біскупам Альбертам. Каталіцкім святарам тады, як і сёння, жаніцца было забаронена. Яе мужам быў Тэадорых (Дзітрых) фон Буксгевдэн, брат біскупа Альберта, а фразу Генрыха Латвійскага «аддаў сваю дачку ў жонкі біскупу рыжскаму» варта ўспрымаць апасродкавана. Уладанні Тэадорыха фон Буксгевдэна, а таксама яго родзічаў і васалаў былі на мяжы з Пскоўскай зямлёй і на тэрыторыі біскупства Дэрпта (сёння горад Тарту ў Эстоніі). Тэадорых, яго родзічы і васалы адыграюць важную ролю ў жыцці Яраслава, сына князя Уладзіміра Пскоўскага.

Бітва на Ліпіцы

У канцы 1220-х Яраслаў Уладзіміравіч пачне барацьбу за бацькоўскую спадчыну — Пскоў, — абапіраючыся на падтрымку ноўгарадскіх і пскоўскіх баяр, незадаволеных кіраваннем суздальскага князя Яраслава Усеваладавіча (бацькі Аляксандра Неўскага).

З суздальскімі князямі ў першым дзесяцігоддзі XIII ст. змагаліся ноўгарадскі князь Мсціслаў Удатны і пскоўскі Уладзімір. Іх барацьба завяршылася ў 1216 перамогай у бітве на рацэ Ліпіца.

Імкненне суздальскіх князёў здабыць першынство на ўсёй Русі нельга разглядаць як звычайную дынастычную барацьбу. Уладзіміра-Суздальская Русь мела асобную традыцыю кіравання: нездарма некаторыя з суздальскіх князёў называлі сябе «царамі», а пазней многія з іх атрымлівалі велікакняжацкі стол непасрэдна з рук мангольскага хана. Барацьба суздальскіх князёў са сваімі канкурэнтамі, іх арыентацыя на татараў, насуперак заходняй «альтэрнатыве», якую выбіралі для сябе князі Галіцка-Валынскай Русі, часткова Пскоў, Ноўгарад і Полацк, мела вырашальнае значэнне для далейшага гістарычнага развіцця народаў-спадчыннікаў Русі, этнагенез якіх адбудзецца ў межах Вялікіх Княстваў Літоўскага і Маскоўскага.

Яраслаў, выкуплены немцамі

Калі чытаеш летапісы, складваецца ўражанне, што Яраслаў змагаўся не столькі за пскоўскі стол, колькі супраць прыхільнікаў суздальскіх князёў, якія кіравалі Ноўгарадам і былі кроўнымі ворагамі яго бацькі. Пскоўскія баяры былі зацікаўленыя ў поўнай незалежнасці ад Ноўгарада. Каб дасягнуць гэтай мэты, Яраслаў Уладзіміравіч вырашыў абаперціся на падтрымку сваіх нямецкіх родзічаў у Лівоніі і прысягнуў біскупу Дэрпта.

Пад 1233 годам Ноўгарадскі летапіс паведамляе: «Выгналі з Ізборска Барысаву чадзь з князем Яраславам Уладзіміравічам і з немцамі. Пскавічы ж, абклаўшы Ізборск, схапілі князя і немца Данілу забілі, а іншыя ўцяклі. І аддалі (палонных) вялікаму князю Яраславу, а той, закаваўшы, адправіў іх у Пераяслаўль». Пад «Барысавай чаддзю» трэба разумець прыхільнікаў баярына Барыса Негацевіча, якія падтрымлівалі Яраслава Уладзіміравіча і былі праціўнікамі арыентацыі Ноўгарада і Пскова на суздальскіх князёў. Ваенную дапамогу Яраславу аказвалі немцы, пад якімі трэба разумець васалаў біскупа Дэрпта. Напэўна, забіты немец Даніла быў адным з людзей Тэадорыха, швагра Яраслава Уладзіміравіча. Ва ўсякім выпадку першы блін для Яраслава выйшаў «комам», і пскавічы выдалі яго ноўгарадскаму князю Яраславу Усеваладавічу, які адаслаў яго ў Пераяслаўль, надалей ад сферы яго інтарэсаў. Такім чынам суздальцы збіраліся палітычна «пахаваць» прэтэндэнта на пскоўскі стол.

Аднак пад 1235 г. ноўгарадскі летапісец зазначае, што нямецкія родзічы выкупілі Яраслава Уладзіміравіча, вярнуўшы яго такім чынам у «вялікую палітыку».

Наступны ўспамін пра яго звязаны з паходам пад горад Ізборск і Пскоў у 1240. Знамянальна, што паход адбыўся якраз пасля вядомай бітвы Аляксандра Неўскага са шведамі на Няве. У паходзе ўдзельнічалі васалы Тэадорыха. На гэты раз паход быў удалы, і Пскоў немцы захапілі. Цікавым, аднак, падаецца той факт, што князь Яраслаў не застаўся ў горадзе, які некалі належаў яго бацьку. У Пскове застаўся нямецкі гарнізон на чале з баярынам Цвярдзілам Іванавічам.

Сямейная драма

Адмова князя сесці на пскоўскім стале, за які ён так доўга змагаўся, магла быць звязаная з абставінамі, якія ўзгадваюцца ў сувязі з цудам у манастыры Св. Іаана ў Пскове, у 1243: «Таго ж месяца… ад іконы святога Спаса над гробам княгіні Яраслава Уладзіміравіча, якую забіў яе пасынак у Мядзвежай галаве, ішло міра ад іконы…»

Мы не ведаем дакладна пра абставіны гібелі згаданай тут жонкі Яраслава Уладзіміравіча. Ноўгарадскія летапісы не падаюць імя княгіні — яно з’яўляецца толькі ў пазнейшых крыніцах, перадусім у «Жыціі» святой княгіні Еўпраксіі. Нібыта менавіта яна, дачка князя з полацкага роду, была першай жонкай Яраслава Уладзіміравіча. Але пасля, калі Яраслаў сышоў у Лівонію, развялася з ім. А ён ажаніўся з немкай. І ў Адэнпэ, дзе адбылася трагедыя, Еўпраксія прыехала на перамовы аб пасагу. І там была забітая. Аднак часта «жыціі» складаліся паводле пэўнага канона, на хроніку падзей і гістарычную праўду ў іх мала зважалі. Больш лагічнай мне падаецца іншая версія.

З летапіснай узгадкі вынікае, што ў Яраслава была першая жонка, імаверна, немка з Лівоніі. Другая жонка, забітая ў «Мядзвежай Галаве» (інакш — Одэнпэ, ці Отэпя, Otepää, горад у сучаснай Эстоніі), хутчэй за ўсе, была рускай і насіла ў сабе патэнцыйнага спадчынніка пскоўскага стала — нездарма яна была пахавана ў манастыры Св. Іаана, у якім звычайна хавалі прадстаўніц пскоўскіх баярскіх радоў. Напэўна, сын ад першага шлюбу і забіў цяжарную мачаху, каб забяспечыць сабе спадчыннае права, якое магло быць аспрэчана пскоўскімі баярамі і духавенствам. Вядома ж, пскавічы і іх «старэйшыя браты» з Ноўгарада не хацелі бачыць на пскоўскім стале лівонскага княжыча. Пэўна, ён мог атрымліваць «інструкцыі» ад магутных родзічаў — рыжскага арцыбіскупа і яго сваякоў-Буксгевдэнаў. Апошнія не раз спрабавалі сілай пасадзіць у Пскове і Ізборску «свайго» князя.

Цалкам магчыма, што асабістая трагедыя — гібель жонкі ад рук сына — і паўплывала на рашэнне князя Яраслава адмовіцца ад Пскова і спыніць актыўную палітычную дзейнасць. Ва ўсякім разе, Ноўгарадскі летапіс больш нічога не гавораць пра паходы князя супраць адзінаверцаў.

Страчаныя перспектывы

Сваяцтва і супрацоўніцтва адной з дынастычных галін рускіх князёў Рурыкавічаў з прадстаўнікамі каталіцкіх палітычных утварэнняў у XIII ст. само па сабе можа лічыцца вартым увагі гістарычным кейсам. Гісторыі Русі таго часу стэрэатыпна ўспрымаецца як няспынная барацьба з манголамі, нямецкай і шведскай «навалай», літоўскімі «феадаламі». Між іншым, крыніцы падаюць нам выпадкі, якія не ўпісваюцца ў традыцыйны трэнд «антызаходняй» арыентацыі Русі, якая ўвасобілася ў князю Аляксандру Неўскім і яго нашчадках, будучых вялікіх князях маскоўскіх. Пскоўскія князі — Уладзімір і яго сын Яраслаў — выбралі хаўрус з каталіцкімі палітычнымі коламі, былі ўключаныя ў феадальныя адносіны сюзерэнітэту-васалітэту па еўрапейскім прыкладзе. Развіццё традыцыі гэтых дынастычных адносін, магчыма, спынілася з-за асабістай драмы Яраслава Уладзіміравіча.

З таго часу князі Пскова і Ноўгарада, якіх запрашала туды мясцовае баярства, не завязвалі цесных адносінаў з Нямецкім ордэнам і Рыгай. Тым не менш спадкаемцам Рурыкавічаў і іх галіны — полацкім Рагвалодавічам — прыйшлося так ці інакш сутыкнуцца з выбарам палітычнай арыентацыі. Як вынік, полацкія, віцебскія, кіеўскія і галіцка-валынскія князі з часам падпалі пад уладу літоўскіх князёў, якія даказалі сваю перавагу над Ордэнам мечаносцаў, ушчэнт разбіўшы нямецкае войска ў бітве пад Шаўлямі (1236). Пазней у арбіце літоўскага ўплыву будуць знаходзіцца Цвярское і Смаленскае княствы.

На нашу думку, менавіта вузкая палітычная эліта, прадстаўленая часткай князёў Рурыкавічаў у XIII—XV ст., шмат у чым перадвызначыла пазнейшую геапалітычную арыентацыю народаў Усходняй Еўропы — беларусаў, рускіх і ўкраінцаў. Гэты артыкул — згадка пра адзін з неапраўдана забытых эпізодаў таго выбару, які адбываўся ў складаным кантэксце палітычных інтрыг і асабістых трагедый.

***

Піліп Падбярозкін.

нар. у 1991 у Мінску. Выпускнік гістфака БДУ. Стажыраваўся ў Лейпцыгскім універсітэце. Займаецца кантактамі германцаў і ўсходніх славянаў у познім Сярэднявеччы (XIV—XVI cт).

Чытайце таксама:

Алег Дзярновіч: Гісторыя Беларусі. Эпоха Балтыкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?