Перамогу на выбарах у Стортынг — аднапалатны парламент Нарвегіі, — якія прайшлі ў панядзелак, святкуе Правацэнтрысцкая кааліцыя пад кіраўніцтвам лідара Кансерватыўнай партыі (Хёйрэ) Эрны Сульберг, якая атрымлівае 89 з 169 месцаў у парламенце. Апрацавана 95% бюлетэняў.

Для стварэння кааліцыі Хёйрэ і яе партнёру, кансерватыўна-ліберальнай Партыі прагрэсу, неабходная падтрымка Хрысціянскай народнай партыі і ліберальнай партыі «Венстрэ».

Праўда, найбольшую колькасць галасоў, як і на папярэдніх выбарах у 2013 г., атрымалі сацыял-дэмакраты з Рабочай партыі (27,5%), або 79 месцаў. Аднак старшыня партыі Ёнас Гар Сторэ зноў не зможа сфармаваць урад, бо не будзе валодаць большасцю ў парламенце.

Уласна партыя Хейрэ заняла другое месца з вынікам у 25,1%. На трэцім месцы Партыя прагрэсу, якая атрымала каля 15,3 працэнтаў галасоў. Але ў іх будзе большасць.

Як паведамляе карэспандэнт «НН», выбары прайшлі вельмі спакойна. Ні традыцыйных табе для некаторых краін Усходняй Еўропы «каруселяў», ні ўкідаў бюлетэняў.

Стортынг у Нарвегіі з'явіўся 200 гадоў таму, у 1814 годзе, а Хёйрэ (Кансерватыўная партыя) заснавана ў 1884-м. Беларускія палітыкі ў гэты час, у 1884-м, толькі нараджаліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?