«Здзіўляе негатыўнае ўспрыманне шматдзетных сем’яў, што супярэчыць намаганням улады да павeлічэння нараджальнасці ў нашай краіне. Як тады можна дасягнуць мары аб 20 мільёнах жыхароў Беларусі?» — адзначае іерарх.

Поўны тэкст звароту Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча надрукаваў партал catholic.by:

«З вялікім узрушэннем і непаразуменнем я прачытаў на сайце аддзела адукацыі, спорту і турызму Капыльскага райвыканкама Мінскай вобласці тэкст Метадычнага дапаможніка «Праца з дзецьмі, якія маюць патрэбу ў сацыяльна-псіхолага-педагагічнай падтрымцы».

Паводле гэтага дзяржаўнага дакумента ў катэгорыю праблемных сем’яў, акрамя няпоўных, малазабяспечаных, замяшчаючых, сем’яў з дзецьмі інвалідамі, перасяленцаў, бежанцаў, эмігрантаў і студэнтаў, трапляюць таксама сем’і з трыма і больш дзецьмі і сем’і веруючых (у панядзелак 11 верасня дакумент быў выдалены, але ў рэдакцыі захаваны скрыншот і спампаваны тэкст гэтага дапаможніка).

Маючы на ўвазе тое, што большасць жыхароў Беларусі з’яўляецца веруючымі, стваральнікі дакумента сцвярджаюць, што патэнцыйна большасць сем’яў нашай краіны з’яўляюцца небяспечнымі.

Атрымліваецца, што гэтым самым нашаму грамадству навязваецца нерэлігійны стыль жыцця, што супярэчыць «Закону Рэспублікі Беларусь аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». У арт. 5 гэтага Закона запісана, што бацькі маюць права выхоўваць сваіх дзяцей згодна са сваімі рэлігійнымі перакананнямі, а дзяржава не мае права ўмешвацца ў гэты працэс, акрамя выпадкаў, калі ствараецца небяспека для дзіцяці.

У той жа час, вядома, што вернікі і іх дзеці ў сваіх рэлігійных арганізацыях выхоўваюцца ў духу любові да Бога і бліжняга. Яны вучацца шанаваць кожнага чалавека, асабістую і грамадскую маёмасць, быць законапаслухмянымі і г.д.

Здзіўляе таксама негатыўнае ўспрыманне шматдзетных сем’яў, што супярэчыць намаганням улады да павeлічэння нараджальнасці ў нашай краіне. Як тады можна рэалізаваць мары аб 20 мільёнах жыхароў Беларусі?

Спадзяюся, што добрыя ініцыятывы кіраўніцтва краіны аб вырашэнні дэмаграфічных праблем і клопату аб сем’ях, а таксама намаганні рэлігійных арганізацый, асабліва Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, у гэтай галіне не знойдуць перашкод і наадварот будуць паўсюдна падтрымлівацца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0