Уладзімір Калтовіч — адзіны міністр у Беларусі, які не баіцца выстаўляць сэлфі ў фэйсбук, фатаграфуецца ў вышыванцы і перапошчвае ў сацсетках не толькі спасылкі на сур’ёзныя інтэрв’ю, але і жартаўлівыя матэрыялы. Ён выступае за рынкавыя рэформы і разнявольванне бізнэс-ініцыятывы. І можа ўвайсці ў гісторыю як чыноўнік, дзякуючы якому беларуская мова будзе замацавана на ўпакоўках тавараў. Гэта пытанне зараз актыўна абмяркоўвацца, хоць міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю па гэтай тэме пакуль адмоўчваецца.

 

Мы з’ездзілі на радзіму міністра, каб даведацца, што памятаюць пра яго землякі.

«Хто ж ведаў, што ён так высунецца? Тады б запісвалі за ім!»

Уладзімір Калтовіч паходзіць з Чэрвеня (раней Ігумен), гэта невялікі горад на ўсход ад Мінска.

Дзве траціны даваенных жыхароў Чэрвеня загінулі падчас вайны, у мястэчку засталося каля 2 тысяч чалавек. Людзі з навакольных вёсак пацягнуліся ў райцэнтр. Сярод іх былі бацькі будучага міністра.

Дом, у якім вырас будучы міністр. Архіўнае фота.

Дом, у якім вырас будучы міністр. Архіўнае фота.

Іх радзіма — вёска Іванічы за 7 км ад Чэрвеня. Хоць сям’я і пераехала ў горад, гаспадарку ўзялі з сабой. Толькі вось карову ўжо не трымалі.

Маці была прыбіральшчыцай, бацька будаўніком.

Уладзімір быў у сям’і старэйшым сынам, апроч яго гадаваўся малодшы Андрэй. Цяпер ён галоўны спецыяліст упраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацый.

Андрэй Калтовіч, брат міністра

Андрэй Калтовіч, брат міністра

«Гэта вы спецыяльна прыехалі, каб пра яго напісаць?» — кажа маці чыноўніка і пачынае плакаць ад гонара за сына.

Браты вучыліся ў школе №1 Чэрвеня. Цяпер гэта беларускамоўная гімназія, але тады навучанне вялося па-руску.

З тых, хто выкладаў ва Уладзіміра, засталася толькі настаўніца музыкі.

«Лупаценькі такі хлопчык, светленькі. Заўсёды акуратны, чысценькі. Дзіця — цуд проста. Такое мілае стварэнне!» — рассыпаецца ў кампліментах жанчына.

«У нас быў такі клас, што ўсе хлопчыкі вучыліся лепш за дзяўчынак. А мы цягнуліся за імі», — кажа аднакласніца міністра Марына Панкавец. Яны вучыліся разам восем гадоў. 

Родная школа міністра. Архіўнае фота.

Родная школа міністра. Архіўнае фота.

Ці чакалі сябры, што Уладзімір дарасце да такой пасады?

«Не чакалі, — прызнаецца яна. — Вова такі быў спакойны, ніколі наперад не лез… У нас у класе хлопцы заснавалі ансабль — і спявалі, і гралі, — дык ён неяк туды не вельмі хадзіў, больш часу на вучобу траціў».

Усе тыя, хто памятае Калтовіча з дзяцінства і юнацтва, звяртаюць увагу на ягоную акуратнасць: «Іншыя хлопцы па кутах ціскалі, то ён заўсёды быў інтэлігентны. Ніколі дзяўчынку не пакрыўдзіць. Хто ж ведаў, што ён так высунецца, што стане вялікім начальнікам? Тады б запісвалі за ім!»

«Памятаю, настаўніца рускай мовы ставіла байкі, — прыгадвае Марына Панкавец. — І вось у байцы «Як гусі Рым выратавалі». Дык Вова быў тым хлопцам, які пасвіў гусей. Ён хадзіў, а мы між сабой: «Га-га-га-га», — узгадвае жанчына гісторыю школьных часоў.

Хацелі адправіць на службу ў Чачню

Маці міністра кажа, што настаўнікі заўсёды хвалілі яго, хоць выдатнікам хлопец не быў.

Пасля васьмі класаў Уладзімір паступіў Мінскі кааператыўны тэхнікум Белкаапсаюза. Ці не страшна было аднаго адпускаць у сталіцу?

«Ды не, ён такі спрытны быў!», — узгадвае маці.

Пасля вучобы ў тэхнікуме будучы міністр пайшоў у войска. «Увогуле яго везлі ў Чачню, але заграз у Тамбове», — кажа жанчына.

Расказваць пра спецыфіку службы Калтовічу не дазвалялася. Згадваў толькі, што ў вучэбнай часці яму давялося ўзяцца за англійскую мову. У Тамбове рыхтавалі вайскоўцаў для радыёэлектроннай барацьбы.

Калі Уладзімір вярнуўся з войска, памёр бацька. Маці давялося працаваць адразу ў некалькіх месцах, каб выцягнуць сям’ю. Сын тым часам рабіў кар’еру ў гандлі.

«Памятаю, як на адной сустрэчы аднакласнікаў Вова курыў люльку. Ён тады ва ўнівермагу «Беларусь» працаваў. І вось сядзелі мы ўсе, адзін аднаму гэту трубку міра перадавалі — трэба ж усім пакаштаваць!», — узгадвае Марына Панкавец.

Пра тое, што стаў дзядулем, Калтовіч паведаміў у фэйсбуку

У 26 гадоў Уладзімір ажаніўся. Яго жонка таксама паходзіць з Чэрвеня. Яна вывучылася на настаўніцу, але па спецыяльнасці працавала нядоўга, заняўшыся выхаваннем дзяцей. Цяпер, па словах мясцовых, працуе ў гандлі.

У сям’і міністра двое дзяцей. Старэйшая — Аляксандра. Адметна, што на старонцы «Укантакце» яна падпісаная па-беларуску (як, дарэчы, і яе муж).

Калі дзяўчына бралася шлюбам, бацька выставіў у фэйсбук адразу два здымкі. Адзін з нявестай, другі з кветкамі для яе, складзенымі ў багажніку аўтамабіля. Так падпісчыкі Калтовіча змаглі даведацца, што ён ездзіць на «Фальксвагене Гольф». «Машына татава, кветкі для нявесты», — падпісаў ён здымак.

 

Паўгода таму Аляксандра нарадзіла дзіця. «Я дзядуля», — лаканічна паведаміў міністр сваім падпісчыкам і зрабіў брутальнае сэлфі ў капюшоне.

Аляксандра вучылася на завочным і працавала ў гандлёвым доме «На Нямізе». 

Малодшы сын, Іван, — творчая асоба. Ён скончыў мінскую гімназію-каледж мастацтваў, пасля паступіў у Акадэмію мастацтваў на факультэт дызайна і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

А яшчэ Іван захапляецца футболам — быў у тройцы найлепшых бамбардзіраў аматарскага клуба «Грунвальд» у 2015 годзе.

У тым жа годзе Іван трапіў на старонкі СМІ — хлопец сышоў з дома, і яго шукалі па ўсёй краіне. «Іван мог адправіцца ў Расію, паколькі раней ён заяўляў аб такім намеры», — паведамляла міліцыя. У Расіі тады працаваў ягоны бацька. На шчасце, гэта была гісторыя са шчаслівым канцом, праз некалькі дзён хлопец знайшоўся.

Статус міністра гандлю дазваляе прэтэндаваць на катэдж у Драздах, але свой надзел Калтовіч пакуль не атрымаў. Сям’я чыноўніка доўгі час жыла ў Чыжоўцы, а пасля перабралася ў трохпакаёўку на вуліцы Жукоўскага, побач з будуемай станцыяй метро «Кавальская слабада».

 

«Я як убачыла яго фота ў вышыванцы, аж не паверыла — здаецца, што ён там васьмікласнік! Думаю, з якога года гэты здымак, ці то школьны, ці то які?» — кажа аднакласніца чыноўніка. Уладзімір Калтовіч насамрэч выглядае надзвычай малажава на свае 50 гадоў. 

Ён быў адзіным міністрам, які сёлета прыняў удзел у Мінскім паўмарафоне. Фотаздымак апублікаваны на ягонай старонцы ў фэйсбуку.

 

Нягледзячы на тое, што чыноўнік актыўнічае ў сацсетках, на пасадзе міністра ён даў няшмат інтэрв’ю. У асноўным ягоныя выступы датычацца выканання законаў аб гандлі, фарміравання цэнаў і павышэння дзелавой актыўнасці не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Калтовіч належыць да новай генерацыі беларускіх чыноўнікаў, якія выступаюць за рынкавыя рэформы, але натыкаюцца на зашоранасць старой наменклатуры.

На апошнім пасланні парламенту і народу Лукашэнка абурыўся словамі міністра гандлю, які заявіў, што мы, можа быць, не будзем кантраляваць цэнаўтварэнне, а больш будзем займацца стварэннем канкурэнцыі. Кіраўнік дзяржавы тады рэзка заявіў: «Мы не дапусцім роста цэнаў». І даў каманду міністру па-ранейшаму сачыць за цэнамі і не слухаць МВФ. 

 

Яшчэ адно дыскусійнае пытанне — мова на этыкетках. Больш за чатыры тысячы подпісаў сабрала петыцыя за тое, каб інфармацыя на таварах, што прадаюцца ў Беларусі, была на дзвюх дзяржаўных мовах. Рашэнне прымаць парламенту, але пазіцыя МАРГ як галіновага міністэрства мае важнае значэнне. Пакуль міністэрства настойвае на варыянце, які чыніць перашкоды ў выкарыстанні беларускай мовы ў бізнэсе.

Па падліках чыноўнікаў, дадаць беларускую мову на этыкеткі, значыць, зрабіць тавар больш дарагім. Колькі каштуе павага кліентаў, у міністэрстве, відаць, не падлічвалі. Міністр Уладзімір Калтовіч пакуль адмоўчваецца па гэтым пытанні.

Даведка

Уладзімір Калтовіч нарадзіўся ў 1966 годзе ў горадзе Чэрвень Мінскай вобласці.

Скончыў Мінскі кааператыўны тэхнікум Белкаапсаюза (1984), Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (1992) і Акадэмію кіравання (2001).

Пасля службы ў войску працаваў у трэсце сталовых Заводскага раёна Мінска (1986-1989), старшынёй прафкама Мінскага кааператыўнага тэхнікума Белкаапсаюза (1989-1991). З 1991 года — у выканкаме Заводскага райсавета народных дэпутатаў Мінска.

Працаваў намеснікам дырэктара па камерцыйнай рабоце ўнівермага «Беларусь» (1995-1998), намеснікам кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна Мінска (1998-2000), першым намеснікам генеральнага дырэктара «Гандлёвага дома «На Нямізе» (2000-2005), першым намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама (2005-2008), начальнікам упраўлення гандлю галоўнага ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва і гандлю Апарату Савета міністраў (2008-2009).

У 2009-2010 — намеснік, першы намеснік міністра гандлю, у 2010-2012 - намеснік старшыні Мінгарвыканкама, у 2012-2015 — дарадца-пасланец пасольства Беларусі ў Расіі. З 2015 года — міністр гандлю.

Жанаты, мае дваіх дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?