Больш за 50 краін падпісалі ў сераду Дамову аб забароне ядзернай зброі. Урачыстая цырымонія прайшла ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, паведамляе ТАСС.

Першым подпіс пад дакументам паставіў прэзідэнт Бразіліі Мішэль Тэмер. У цырымоніі ўзялі ўдзел некалькі кіраўнікоў дзяржаў і дзясяткі кіраўнікоў МЗС. Чакаецца, што на працягу дня ратыфікацыйныя граматы перададуць тры краіны: Гаяна, Ватыкан і Тайланд.

Дагавор аб забароне ядзернай зброі ўступіць у сілу праз 90 дзён пасля таго, як яго падпішуць і ратыфікуюць 50 краін. У адпаведнасці з тэкстам дакумента, яго ўдзельнікі абавязваюцца «ніколі і ні пры якіх абставінах» не распрацоўваць, не выпрабоўваць, не вырабляць і не назапашваць ядзерную зброю, а таксама ўжываць яе або пагражаць яе прымяненнем. Краінам, якія далучыліся да пагаднення, будзе таксама забаронена размяшчаць на сваёй тэрыторыі ядзерную зброю іншых дзяржаў.

Пагадненне было прынятае 7 ліпеня па выніках перамоў, у якіх не бралі ўдзел ядзерныя дзяржавы, уключаючы Расію, Вялікабрытанію, Кітай, ЗША і Францыю. Праз дзве гадзіны пасля прыняцця дакумента Вялікабрытанія, ЗША і Францыя выступілі з сумеснай заявай, у якой паведамілі, што ніколі не стануць яго ўдзельнікамі. У сваю чаргу ў МЗС РФ раней заявілі, што Масква не ратыфікуе дамову, бо яна супярэчыць нацыянальным інтарэсам краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0