На магілу Фрыдрыха Вялікага ў парку Сан-Сусі немцы прыносяць бульбу.

На магілу Фрыдрыха Вялікага ў парку Сан-Сусі немцы прыносяць бульбу.

Немцы сабралі інтэлектуалаў і журналістаў з розных краін Еўропы на ўручэнне прэміі M100 Media Award 2017 Наталлі Сіндзеевай, якая ўзначальвае адзіны ацалелы ў Расіі незалежны тэлеканал «Дождь». Пагружэнне ў еўрапейскае інтэлектуальнае асяроддзе заўсёды дазваляе пачуць нешта, на што з Беларусі не зважаеш.

Еўрапейскі праект ізноў перажывае ўздым

Пасля Брэкзіту многія чакалі дэзінтэграцыі Еўрасаюза, а яе не адбылося. У Францыі перамог еўрааптыміст Макрон, у Нямеччыне пасля выбараў, імаверна, захаваецца статус-кво. Хваля мігрантаў з Сірыі схлынула, Грэцыя папраўляецца.

Падтрымка еўраінтэграцыі ва ўсіх краінах ЕС вырасла да рэкордных за 10 гадоў узроўняў, адзначыў Марк Леанард (Mark Leonard), аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах (European Council on Foreign Relations). У 2005 Леанард выдаў кнігу «Чаму Еўропа будзе кіраваць ХХІ стагоддзем», якую пераклалі на 19 моваў. Ён упэўнены, што той ягоны прагноз правільны. Адыход Брытаніі аслабляе ЕС, але не мяняе таго, што еўрасаюзаўскі механізм унікальна гнуткі і выгадны краінам. Еўропа застаецца мірным кантынентам.

Супярэчнасці між Еўропай і ЗША? Яны ёсць, але гэта не першы раз у найноўшай гісторыі. Адміністрацыя Трампа спрабуе дабіцца гандлёвых выгад для Злучаных Штатаў. Як і Расія, Трамп хацеў бы гаварыць не з Еўрапейскім Саюзам, а паасобку з кожнай краінай ЕС, бо ў любых двухбаковых пагадненнях Расія і ЗША будзе з невялікімі еўрапейскімі краінамі «большым целам», якому лягчэй дабіцца выгадных для сябе ўмоў.

Увогуле, Трамп застаецца аб’ектам крытыкі і страху не толькі для еўрапейскіх лібералаў, але і для еўрапейскіх правацэнтрыстаў, хрысціянскіх дэмакратаў, народнікаў. Яны не разумеюць выбару амерыканцаў.

Закон выпадковасці

«У дэмакратыях многія рэчы адбываюцца выпадкова», — тлумачыць прафесар Джэйсан Брэнан (Jason Brennan) з Джорджтаўнскага ўніверсітэта, што ў Вашынгтоне. Такой выпадковасцю палітолаг лічыць і прыход да ўлады Трампа, і перамогу Брэкзіту. Часам у такіх падзеях не трэба шукаць логікі і тэндэнцый. Гэта здараецца, бо гэта дэмакратыя. Але не варта пераацэньваць гістарычнае значэнне такіх падзей.

Галасуючы, людзі кіруюцца як сваімі інтарэсамі, так і пачуццем справядлівасці. Але таксама і эмоцыямі аднаго дня.

Тое было заўсёды — досыць узгадаць паразу Уінстана Чэрчыля, пераможцы ў Другой сусветнай, ад Клімента Этлі ў 1945 годзе. Гэта таксама была свайго роду выпадковасць. Гэта ёсць і ў сучасных «медыядэмакратыях», дзе чалавек перанасычаны навінамі і дзе чалавеку, у той жа час, цяжка бывае адрозніць праўду ад фэйкаў.

Няма ніякіх падстаў меркаваць, што агулам дэмакратыя ў свеце адступае, а аўтарытарныя рэжымы больш устойлівыя ў гістарычнай перспектыве.

Што да новых тэхналогій у СМІ, то ў нас няма іншага выбару, як прыстасавацца да іх. Інтэрнэт не знікне — проста ягонае рэгуляванне мае абмежаваць злоўжыванні ім. Сацыяльныя сеткі не знікнуць, трэба проста палепшыць іх алгарытмы, зменшыць магчымасці для маніпуляцыі грамадскай думкай праз іх. Пра тое, што робіць у гэтым кірунку фэйсбук, у Патсдаме расказала Айнэ Кер (Aine Kerr), менеджарка фундаванага фэйсбукам Journalism Partnerships.

Каталонскае пытанне

Каталонія будзе галоўным палітычным пытаннем наступны месяц. Каталонскія незалежнікі хочуць бліц-рэферэндумам паставіць Мадрыд перад фактам. На кану — многае, і гэтае многае будзе залежаць ад таго, ці будзе каталонская паліцыя выконваць загады Барселоны і ці рашыцца Мадрыд на рэпрэсіі.

Я пагаварыў з Гемай Тэрэс (Gemma Teres), жанчынай з прадстаўніцтва Каталоніі ў Берліне — прататыпа будучай дыпламатычнай місіі. Яна, як аказалася, у 2007 годзе чатыры месяцы пражыла ў Мінску. Гэта, дарэчы, вельмі характэрна, што ўсё больш людзей «прайшлі праз Беларусь». У 1991 годзе мы былі белай плямай на мапе, а цяпер мы з кожным годам прывязваемся ланцужкамі і нітачкамі да Еўропы.

Амаль першае, што ўзгадала каталонка, што ў Мінску яе ўражвала, чаму ніхто не гаворыць па-беларуску на публіцы. «Нават людзі з недзяржаўных СМІ выкарыстоўвалі расейскую мову». Для каталонцаў, якія здолелі адрадзіць мову пасля дыктатуры Франка, калі яна была забароненая ў школах, гэта дзіўна.

Вяртаючыся да тэмы каталонскага рэферэндуму, мяркуе, што ўжыццё сілы Мадрыдам акурат і справакуе мабілізацыю каталонцаў і поспех рэферэндуму.

Турцыя: цяжкі выпадак

З уступнай прамовай на калоквіуме выступаў Джан Дзюндар (Can Dündar), былы галоўны рэдактар газеты «Джумхурыет», які быў вымушаны пераехаць у Нямеччыну пад пагрозай арышту. Увогуле, Берлін стаў прытулкам для антыэрдаганаўскай апазіцыі.

Дзюндар, аўтар 40 кніг і журналіст з 37-гадовым досведам, вымушаны быў пакінуць пасаду кіраўніка самага папулярнага апазіцыйнага выдання, пасля таго як атрымаў 5 гадоў і 10 месяцаў турмы за артыкул пра ролю турэцкіх спецслужбаў у вайне ў Сірыі.

У эміграцыі ён стаў калумністам Die Zeit і заснаваў вэб-сайт Ozguruz.org.

Дзюндар вельмі, вельмі крытычны да Эрдагана. На ягоную думку, гэта прыклад, як дыктатар карыстаецца дэмакратычнымі механізмамі, каб устанавіць аўтарытарны рэжым. На думку Дзюндара, прыход да ўлады Эрдагана — гэта вынік памылкі Захаду, які бачыў у «памяркоўным ісламізме» альтэрнатыву «радыкальнаму ісламізму». Любы ісламізм варожы свабодзе, вынікае са слоў Дзюндара. Ён прывёў знакамітую цытату з Эрдагана «Дэмакратыя — гэта шлях. А канчатковая мэта — іслам».

Але ёсць і пазітыўныя навіны з Турцыі. Дагэтуль палова турэцкіх выбарцаў галасуе супраць Эрдагана, супраць аўтарытарызму, супраць канцэнтрацыі ўлады ў руках прэзідэнта.

Рэцэпт Дзюндара такі: ні ў якім разе нельга закрываць Турцыі дарогу ў Еўрасаюз. Нельга спыняць працэс перамоваў пра ўступленне, бо гэта было б выгадна антыеўрапейскім сілам у Турцыі. Нельга даваць падставу ім казаць «бачыце, мы там нікому не патрэбныя, нас там не хочуць бачыць».

У такім падыходзе шмат перагукваецца і з беларускай сітуацыяй.

І бульба ў падзяку

Што да самога Патсдама, то Сан-Сусі нязменна ракакошны, і нязменны флейтыст іграе на ўваходзе ў парк. І прускі кароль Фрыдрых Вялікі ляжыць побач са сваімі любімымі сабакамі. І на ягонай магіле ўдзячны нямецкі народ паклаў ужо бульбу новага ўраджаю. Традыцыйна лічыцца, што гэты вялікі «манарх-рэфарматар» не толькі ўмацаваў прынцыпы роўнасці перад законам, незалежна ад таго, манарх ты ці млынар, а яшчэ і прывучыў немцаў садзіць і есці бульбу.

Еўрапейская цывілізацыя стала такой моцнай дзякуючы людзям тыпу Фрыдрыха Вялікага, якія настойліва паляпшалі ўстановы і звычаі. І вось такая ім сціплая еўрапейская падзяка. Не маўзалеі, не залатыя статуі, а бульбіны на пліце сярод акуратна пакошанай травы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?