Эманюэль Макрон выканаў сваё перадвыбарчае абяцанне рэфармаваць працоўнае заканадаўства. Прэзідэнт Францыі падпісаў адпаведныя пастановы перад тэлекамерамі 22 верасня ў Парыжы.

Закон уступіць у сілу адразу ж пасля яго апублікавання ў афіцыйным ўрадавым весніку, нягледзячы на хвалю пратэстаў па ўсёй Францыі, паведамляе DW.

Гэта рэформа рынку працы «беспрэцэдэнтнай глыбіні», і яна будзе рэалізаваная «ў рэкордным тэмпе», заявіў прэзідэнт Макрон у жывым эфіры французскіх тэлеканалаў. Рэформа прадугледжвае ўзмацненне ролі галіновых і фірмовых тарыфных дагавораў, паслабленне абароны супрацоўнікаў ад звальненняў і абмежаванні памераў дапамог па звальненні.

Улады Францыі разглядаюць гэтыя новаўвядзенні як неабходныя меры супраць беспрацоўя, якая складае ў Францыі каля 10%. Працадаўцы вітаюць змены ў заканадаўстве. У той жа час прафсаюзы і левыя сілы лічаць, што рэформа ўшчамляе правы працоўных. Напярэдадні, 21 верасня, па ўсёй Францыі прайшлі пратэсты супраць працоўнай рэформы, у якіх прынялі ўдзел 132 тысячы чалавек, — значна менш, чым у дэманстрацыях, якія пракаціліся па краіне тыднем раней, адзначае агенцтва AFP.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру