Нямецкае выданне «Die Welt» напісала пра юрыдычны аналіз, праведзены экспертамі юрыдычнай службы Бундэстага, згодна з якім урад Ангелы Меркель не падаў законных падстаў для прыняцця рашэння аб адкрыцці межаў для бежанцаў.
Гаворка ідзе пра рашэнне канцлера Меркель, якое было прынятае ў 2015 годзе і тычацца адкрыцця межаў для мігрантаў. Эксперты сцвярджаюць, што рашэнні такога роду павінен прымаць парламент, а замест гэтага Ангела Меркель кансультавалася па гэтым пытанні толькі з некалькімі міністрамі, паведамляе Радыё Польшча.
Свабодная дэмакратычная партыя Германіі і партыя «Альтэрнатыва для Германіі» заявілі, што ў тым выпадку, калі яны ўвойдуць у парламент, будзе створаная парламенцкая камісія па аналізе міграцыйнай палітыкі цяперашняга нямецкага ўрада.
Згодна з сацапытаннямі, 60% немцаў хоча, каб было ўстаноўленае абмежаванне на колькасць мігрантаў. 71% апытаных падтрымлівае ўвядзенне больш жорсткага заканадаўства па прадастаўленні прытулку і міграцыі.
24 верасня ў Германіі адбудуцца парламенцкія выбары.
Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»





