Інданезія абвясціла найвышэйшую ступень небяспекі з-за магчымага вывяржэння вулкана Агунг на востраве Балі, паведамляе ВВС.

Reuters

Каля 10 тысяч чалавек ужо эвакуяваныя з раёну магчымага вывяржэння. Улады заклікаюць насельніцтва пакінуць раён у радыусе не менш за 9 км ад вулкана.

Паведамляецца аб бесперапынных сейсмічных штуршках у ваколіцах вулкана, назіраюцца таксама прыкметы ўздыму магмы да паверхні.

Падчас апошняга вывяржэння вулкана Агунг у 1963 годзе загінула больш за тысячу чалавек. Вулкан выкідваў велізарныя піракластычныя патокі і лававыя масы. Піракластычны паток ўяўляе з сябе воблака, якое хутка рухаецца і складаецца з распаленых газаў, вулканічнага попелу і горнай пароды.

Агунг, які належыць да класа стратавулканаў, мае вышыню 3142 метры і размяшчаецца на ўсходзе вострава Балі.

Ён уваходзіць у лік 130 актыўных вулканаў Інданезіі, якія з'яўляюцца часткай так званага «Вогненнага кальца» — вулканічнай зоны, што апярэзвае Ціхі акіян.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0