Дзяўчына, чыё цела было знойдзенае недалёка ад чыгуначнага палатна і станцыі Дружная ў Мінску, памерла ад пераахаладжэння, паведаміла БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.

Фота Следчага камітэта

Фота Следчага камітэта

Паводле папярэдніх даных, смерць не носіць крымінальнага характару. «Паводле атрыманых ад экспертаў упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Мінску звестак, смерць наступіла ад пераахаладжэння. Прызначаныя дадатковыя даследаванні», — праінфармавала Юлія Ганчарова.

Праваахоўнікі адпрацавалі розныя версіі, у тым ліку былі правераныя даныя аб тым, што знойдзеная жанчына значыцца ў ліку зніклых у шэрагу рэгіёнаў Расіі. Аднак па стане на 27 верасня інфармацыя, якая паступае з розных крыніц, не знайшла пацвярджэння. На месцы здарэння не было знойдзена ні мабільнага тэлефона, ні дакументаў. Параўнанне ўзораў адбіткаў пальцаў рук па дактыласкапічных уліках выніку не дало.

«Жанчына дастаткова маладая, па ўсіх прыкметах не вяла асацыяльнага ладу жыцця. Да нас паступіў запыт аб тым, каб накіроўваць цела для пахавання як нявыстветленай асобы. Але раптам ёсць шанец, каб усё ж у апошні шлях яе праводзілі блізкія», — адзначыла афіцыйны прадстаўнік СК.

Следства звяртаецца з просьбай да тых, хто пазнаў жанчыну, а таксама маюць якую-небудзь інфармацыю аб здарэнні, паведаміць пра гэта па тэлефонах 8(017) 396-55-76, 8(029) 675-31-32, 8(044) 748-69-15 альбо патэлефанаваць на гарачую лінію Следчага камітэта па тэлефоне 8(017) 389-50-02.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0