Насельніцтва іракскага Курдыстана пераважнай большасцю прагаласавала за незалежнасць на рэферэндуме, які прайшоў у панядзелак, паведамляе ВВС.
Getty
Паводле даных выбарчай камісіі Курдыстана, 92,73% аддалі свае галасы за незалежнасць гэтай аўтаномнай тэрыторыі. 7,27% выступілі супраць.
Усяго ў рэферэндуме ўзялі ўдзел амаль 3,3 мільёна чалавек, гэта прыкладна 72% выбаршчыкаў.
Лідар ірацкіх курдаў Масуд Барзані заявіў, што вынікі галасавання не прывядуць да неадкладнага абвяшчэння незалежнасці, але павінны адкрыць дзверы для перамоў.
Курдскія лідары перакананыя ў тым, што цяпер у іх ёсць мандат на вядзенне перамоў з Багдадам аб аддзяленні.
Рэферэндум выклікаў жорсткую крытыку іракскага ўрада і суседніх з Іракам краін. Багдад да апошняга моманту патрабаваў яго адмены.
«Рэферэндум павінен быць адменены. Неабходна пачаць дыялог у рамках канстытуцыі. Мы ніколі не ўступім у перамовы па выніках рэферэндуму», — заявіў напярэдадні галасавання прэм'ер-міністр Ірака Хайдэр Абадзі.
«Мы ўсталюем іракскія законы па ўсёй тэрыторыі Курдыстана ў адпаведнасці з канстытуцыяй», — паабяцаў іракскі прэм'ер, выступаючы перад членамі парламента.
Іракскі парламент заклікаў урад краіны накіраваць войскі ў Курдыстан, каб узяць пад свой кантроль важнейшыя нафтавыя радовішчы на курдскай тэрыторыі.
Іракскія ўлады запатрабавалі ад замежных урадаў закрыць свае дыпламатычныя місіі ў Эрбіле, сталіцы Курдыстана.
Многія асцерагаюцца, што рэферэндум у іракскім Курдыстане прывядзе да новага рэгіянальнага канфлікту.