Сцяг каталонскіх незалежнікаў.
1 кастрычніка Каталонія праводзіць рэферэндум аб незалежнасці. Рэдкая сітуацыя: народ спрабуе аддзяліцца ў дэмакратычнай дзяржаве Еўрасаюза.
Чытайце таксама на каталонскім партале: EN DIRECTE: Recta final per al referèndum
Каталонцы — асобны народ са сваёй мовай і даўнімі традыцыямі. І адзін з самых эканамічна развітых рэгіёнаў Іспаніі.
Вялікабрытанія і Канада ў свой час дазвалялі Шатландыі і Квебеку правесці плебісцыты пра выхад — і незалежнікі прайгравалі.
Швецыя ў свой час дазволіла Нарвегіі аддзяліцца бяскроўна.
Чэхія і Славаччына мірна разышліся пры Вацлаве Гаўле.
А вось распад Югаславіі быў крывавым.
Гэтым разам у Каталоніі большасць магла прагаласаваць за незалежнасць, і Мадрыд выбраў сілавы варыянт. У Барселону сцягнулі спецназ з іншых рэгіёнаў Іспаніі. Паліцыя зладзіла паляванне на бюлетэні. Былі заблакаваныя 140 сайтаў з інфармацыяй пра рэферэндум. Паліцыя заняла тэлекамунікацыйны цэнтр у Барселоне.
Каталонцы адказваюць негвалтоўным супрацівам. Людзі начуюць у школах, дзе мае прайсці галасаванне. Увечары ў пятніцу ў Барселоне на бульвары Марыі Крысціны перад гарой Монжуік адбыўся вялікі канцэрт незалежнікаў, на якім ветэран каталонскай сцэны Люіс Льяк выканаў знакамітую песню L'Estaca.
Цяжка прадказаць вынік дня. У дзень галасавання паліцыя спрабуе трапіць на выбарчыя ўчасткі, выбіваючы дзверы, людзі бароняць іх. Ёсць і першыя пацярпелыя ў тых сутыкненнях.
Каталонцам спагадаюць усе тыя народы, якія самі яшчэ не здабылі незалежнасці, або якім яшчэ памятная барацьба за яе — складанае змаганне, выніку якога немагчыма прадказаць.





