11 верасьня ў Музэі гісторыі беларускага кіно была прадстаўленая для прэсы новая тэлевізійная карціна «Гісторыя аднаго гораду».

Дакумэнтальная стужка, пастаўленая на тэлеканале «Лад» маладой і таленавітай творчай групай, радуе высокім прафэсіяналізмам (што выглядае цудам на нашае тэлевізіі), дасьціпнасьцю і стылёва-іранічнымі вынаходкамі.

Карціна распавядае пра Менск на мяжы ХХ стагодзьдзя, а лірычным героем зьяўляецца тагачасная “акула пяра”, жоўты журналіст Дарафей Бохан. Сцэнарыстка Ксенія Луцкіна вельмі ўдала скарысталася ягонымі забытымі рэпартажамі, а рэжысэр Андрэй Леўчык увасобіў гісторыю – у фээрычнае відовішча, стылізаванае пад нямыя камэдыі.

Гісторыкі – Захар Шыбека, Ўладзімер Дзянісаў, Іван Сацукевіч – распавядаюць пра горад і ягоных жыхароў – тэлеграфістаў і прастытутак, аўтамабілістаў і сацыялістаў, сіяністаў і тэрарыстаў – а за іхнімі сьпінамі ажываюць паліцэйскія і дамы лёгкіх паводзінаў, хуліганы-раварысты і барадатыя дворнікі, закаханыя пары і ахвяры паводкі.

Рэдкія дакумэнтальныя кадры арыгінальна сьплятаюцца з дасьціпнымі пастаноўкамі. Стужка – ад першых надпісаў да фінальных тытраў – вытрыманая ў адзіным стылі. І нат руская мова апавяданьня ёсьць часткай гэтага стылю, калі мы заглыбляемся ў стогадоваю гісторыю – і чуем як што гучала. Аўтары сказалі па праглядзе, што Менск быў полімоўным, і ў горадзе пераважаў ідыш. Але з ідышам – праблема, аднавілі тое, што можна.

І аднаўленьне гэтае не сувора-нуднае і цяжкое – а лёгкае, іранічнае і сьвежае, як паветра свабоды.

Горад – гэта людзі й іхнія клопаты.

Цяпер таленавітыя творцы рыхтуюць новую дакумэнтальную стужку – пра Яўгенію Янішчыц.

А прэм’ера «Гісторыі аднаго гораду» адбудзецца на тэлеканале “Лад” 13 верасьня а 19.15.

poster Гісторыя аднаго гораду (История одного города)
Беларусь, 2008, чорна-белы і каляровы, 27 хв.
Рэжысэр: Андрэй Леўчык
У фільме здымаліся: Захар Шыбека (у ролі сябе самога), Уладзімер Дзянісаў (у ролі сябе самога), Іван Сацукевіч (у ролі сябе самога), Уладзімер Мішанчук (голас за кадрам), Віталь Краўчанка (Дарафей Бохан), Васіль Грачухін, Алена Стацэнка, Аляксандра Багданава, Лізавета Леўчык, Уладзімер Біндзюкоў, Ксенія Луцкіна, Максім Валодзін, Віктар Суглоб, Стэфанія Жукоўская, Анастасія Суруда (гараджане і гараджанкі)
Адзнака 7 (з 10)

Фільм прадстаўлены прэс-службай Белтэлерадыёкампаніі

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?