Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» распавёў пра «знакі часу» і амаль дэтэктыўную гісторыі свайго арышту.

«Час сам падае нам знакі, што рабіць дзеля годнага і свабоднага жыцця»: пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Яўген Афнагель, які адбыў 15 дзён адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі папярэджання 8 верасня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

— Як адбывалася вашае затрыманне напярэдадні Марша абураных беларусаў 2.0?

— Мяне затрымалі ў лесе. Затрымлівалі, паводле маіх падлікаў, блізу 15-20 супрацоўнікаў АМАПа і прадстаўнікі кіраўніцтва менскай міліцыі.

— Гэта ўжо цікава. Можна падрабязней — чаму менавіта ў лесе?

— Раніцай 11 кастрычніка я знаходзіўся ў сваіх сяброў. Раніцай я заўважыў, што каля іх дома бадзяюцца падазроныя асобы. Навучаны досведам падпольнай барацьбы і канспірацыі мінулых гадоў, я вылецеў з дома праз гарышча і паглыбіўся ў лес, які знаходзіўся непадалёк.

У лесе я паспеў прайсці каля паўтары кіламетраў. І нечакана, як грыбы з-пад зямлі, з'явіліся супрацоўнікі міліцыі і АМАПу. Я ўжо казаў, што іх было прыкладна паўтара-два дзясяткі чалавек.

Пасля затрымання мяне даставілі ў мікрааўтобус, дзе яшчэ былі супрацоўнікі міліцыі, і потым павезлі ў РАУС Маскоўскага раёна. Там мне сказалі, што суд Маскоўскага раёна прысудзіў мяне да 15 дзён арышту за Акцыю папярэджання 8 верасня, і я павінен ехаць на Акрэсціна. Пры гэтым ні пратаколу, ні пастановы суда не паказалі.

— Чым запомніўся гэты арышт? Нешта змянілася ў настроях людзей на Акрэсціна — і арыштаваных, і аховы?

— Я ў турме быў далёка не ў першы раз, але цяпер кінулася ў вочы адна асаблівасць, з якой можна меркаваць аб сацыяльнай сітуацыі ў краіне агулам.

Калі раней на Акрэсціна, акрамя палітычных, знаходзіліся сацыяльна дэкласаваныя элементы, то сёння большасць адміністрацыйных затрыманых — гэта нармальныя, дарослыя, сямейныя людзі са стабільнай працай. І арыштаваныя яны ў асноўным за дробныя крадзяжы ў крамах. Гэта значыць, звычайным прыстойным людзям, якія маюць працу, банальна не стае на жыццё і ўтрыманне іх сем'яў.

Сацыяльная-эканамічная сітуацыя ў краіне стала такой, што на дробныя крадзяжы ідуць не валацугі, а нармальныя, прыстойныя людзі, якія працуюць на прадпрыемствах — тыя, каго раней прылічвалі да працоўнага класу. І гэта вельмі важны сімптом, знак часу.

— З якім настроем выйшлі на свабоду?

— Як заўсёды: з баявым.

— А на чым заснаваны ваш баявы настрой? У чым чэрпаеце прысутнасць духу?

— Ёсць пэўныя рэчы, якія дапамагаюць мне і маім паплечнікам рабіць тое, што мы робім: выходзіць на акцыі пратэсту, не згаджацца з несправядлівасцю.

Гэта вера ў тое, што наш народ заслужыў годнага жыцця. Беларусы пераадолелі няпросты гістарычны шлях і, я ўпэўнены, заслужылі права на тое, каб жыць у нармальнай, свабоднай, дэмакратычнай краіне, дзе іх правы будуць паважаць, а сем'і будуць зарабляць так, каб не думаць кожны вечар пра тое, як дацягнуць да заробку.

Вера ў тое, што так павінна быць, і так будзе — і ёсць крыніцай энэргіі. Моц для далейшай барацьбы дае звычайная упэўненасць у сваёй праваце: тое, што мы робім, — гэта добра, а справы нашых апанентаў — гэта нешта не вельмі правільнае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0