Немалая роля ў посьпеху нашага сьветлага беларускага «заўтра» належыць тым, хто застаецца «за кадрам». Яны ня пішуць кніг, не займаюцца самі палітыкай. Але робяць для Беларусі ня менш вялікія справы. Ураджэнец Полацку Андрэй Макагон называе сябе эканамічным эмігрантам. У першай палове 1990-х ён скончыў эканамічны факультэт МДУ. Збудаваўшы банкаўскую кар’еру ў Маскве і прыняўшы расейскае грамадзянства, Андрэй застаўся беларусам. Летась ён стаў адным з ініцыятараў конкурсу на гістарычны раман. Зь ім гутарыць Зьміцер Бартосік.

«Ненадзейны» і «Пагоня»

Зьміцер Бартосік: Андрэй, ці часта Вас мучыць настальгія па Беларусі?

Андрэй Макагон: У Маскве жыве багата беларусаў. У нас ёсьць грамада — Беларускае таварыства імя Скарыны. Мы ладзім розныя мерапрыемствы. Адзначаем штогод Купальле і Каляды, раз на два ці тры месяцы сустракаемся з нагоды якой-небудзь падзеі. Прыходзіць чалавек трыццаць, запрашаем цікавых людзей зь Беларусі. Да нас прыяжджалі Ўладзімер Арлоў, Станіслаў Багданкевіч, Генадзь Сагановіч, Віктар Шалкевіч, Лявон Баршчэўскі, Генадзь Бураўкін. На ўгодкі Аршанскае бітвы запрасілі Захара Шыбеку. Беларуская амбасада пастаянна ўстаўляе «палкі ў колы». Мерапрыемствы мы праводзім ў бібліятэцы імя Някрасава, дзе арандуем залю. Вось на 25 Сакавіка ў 2003 г. запрашалі гурт «Стары Ольса», дамовіліся зь бібліятэкай. Але ў апошні момант націснулі з амбасады — нам адмовілі. Давялося шукаць запасны варыянт. На канцэрт прыйшло 300 чалавек, што для нас было нечаканасьцю.

ЗБ: А што такое «Беларуская аўтаномія»?

АМ: Калі пайшла хваля аб’яднаньня з Расеяй, было створана багата беларускіх суполак, у якія звычайна ўваходзілі чыноўнікі, што мелі сувязь зь Беларусьсю. Так яны стварылі рэгіянальныя афіцыйныя ўстановы, каб потым зарэгістраваць Агульнарасейскую беларускую аўтаномію ці Фэдэрацыю беларускіх аўтаномій (Фэдэрацыя нацыянальна-культурных аўтаномій «Беларусы Расеі». — «НН»). Увайшлі туды афіцыйныя беларусы, якіх падтрымлівае амбасада. Ня ведаю, каб яны нешта рабілі. Ходзяць на Дзень Рэспублікі — і ўсё.

ЗБ: Жыцьця ў іх няма?

АМ: Я пра іх жыцьцё ня ведаю. Мы ж ладзім усялякія пікеты. Падчас леташняга рэфэрэндуму зладзілі пікет насупраць амбасады. Прыйшло шмат моладзі. Калі я яшчэ вучыўся, у нас была студэнцкая арганізацыя «Пагоня». Гэта былі студэнты зь Беларусі, што вучыліся ў МДУ, — юрысты, гісторыкі, эканамісты, сацыёлягі, з Інстытуту імя Баўмана прыяжджалі, цяпер студэнтаў зь Беларусі ня так шмат. Большасьць зь іх далучаюцца да нашай грамады. У Маскве існуе першынство па футболе сярод нацыянальных дыяспар. Там 24 каманды. Не было толькі беларусаў. Але цяпер мы ствараем каманду і ўжо ў зімовы кубак будзем гуляць.

Жукі ў беларускім пасольстве

ЗБ: А ці былі цікавыя выпадкі, дзе прыходзілася даказваць, што Вы ня дужа расеец?

АМ: Самыя цікавыя выпадкі на беларускую тэматыку, як ні дзіўна, адбываюцца ў амбасадзе. Чатыры гады таму мяне запрасілі на сьвята — Дзень Рэспублікі. Мне захацелася знайсьці аднаго знаёмага, іхняга супрацоўніка. Я падышоў да супрацоўнікаў пасольства, спытаў па-беларуску, як мне знайсьці гэтага чалавека. Карціна наступная: стаіць жанчына сярэдніх гадоў, вочы робяцца вялікімі, разяўляецца рот, дзесяцісэкунднае здранцьвеньне. А потым яна гаворыць: «I’m sorry. Just a momant». І зьбягае.

ЗБ: А што за людзі ў Маскве прадстаўляюць сёньняшнюю Беларусь?

АМ: Мяне неяк запрасілі на сустрэчу зь беларускімі навукоўцамі ў амбасадзе. Я там такога наслухаўся… Іх супрацоўнік пачаў несьці лухту наконт таго, што мы — беларусы — разам з Расеяй змагаемся супраць сусьветнай сэміцкай змовы. Мы табе, маўляў, скажам сакрэтную інфармацыю. І на поўным сур’ёзе расказалі, што нядаўна на беларуска-ўкраінскай мяжы быў затрыманы грамадзянін Ізраілю, які прыляцеў з Хайфы ў Сімфэропаль. І што ў яго быў з сабой вельмі вялікі чамадан. Ён арандаваў машыну, на якой прыехаў у Беларусь. На маё пытаньне, што у гэтым крымінальнага, яны адказалі, што ў гэтым чамадане было два мільёны цяжарных матак каларадзкага жука. Ён палову з гэтага чамадана распыліў па ўсёй Украіне, астатняе было падрыхтавана для нашай мірнай рэспублікі.

Таварышы нэрвуюцца

ЗБ: Але няўжо няма болей месца, акрамя амбасады, дзе можна праявіць сваю беларускасьць?

АМ: Часта адбываюцца спартовыя спаборніцтвы з удзелам беларусаў. Мы пастаянна ў студзені ходзім на Кубак садружнасьці па футболе. Раней ніколі на нашыя сьцягі ніхто не рэагаваў — нармальны сьцяг і ўсё. А сёлета першы матч менскае «Дынама» гуляла з казахамі і якраз на гэты матч прыпала афіцыйнае адкрыццё. Былі людзі з амбасады, віцэ-мэр Масквы ды Мішэль Пляціні. Пачалася гульня, я на бальконе — у манэжы «Дынама» не было трыбуны — дастаў сьцяг. Сьцяг быў даволі вялікі, а калі я яго апусьціў уніз, ужо потым зразумеў, што на бальконе больш не было ніводнага сьцяга, ніводнага транспаранта. Праходзіць хвілін пяць, прыбягае нейкі мужык у цывільным і патрабуе, каб я прыбраў сьцяг. Як высьветлілася — дырэктар футбольнага клюбу «Дынама» (блізкі да ўладаў бізнэсовец Юры Чыж. — «НН»). Я спытаў, хто ён тут у Маскве, каб замінаць глядзець матч. Ён пайшоў. Праходзіць яшчэ пяць хвілін. Нас ужо сабралася шмат, побач мой маленькі сын, хлопцы павесілі яшчэ адзін сьцяг. Прыходзіць ужо нейкі малады чалавек гадоў трыццаці, ад якога трошкі патыхае сьпіртным, але ў суправаджэньні маёра міліцыі. Ён зьвяртаецца да гэтага маёра з патрабаваньнем, каб мы зьнялі сьцяг. Хлопец, як высьветлілася, быў супрацоўнікам амбасады. Ён запатрабаваў скласьці акт аб хуліганстве — яны лічаць, што гэты фляг распальвае міжнацыянальную варожасьць. Ніякага пратаколу складзена не было, але міліцыя папрасіла, каб мы сьцяга ня вешалі, а толькі трэсьлі ім, калі нашы заб’юць гол. Унізе сядзіць афіцыйная дэлегацыя і вельмі нэрвуецца, калі бачыць увесь час перад вачыма гэтае палотнішча. Цікава было тое, што маскоўскія беларусы стаялі з гэтым сьцягам, а дынамаўскія фанаты — з чырвона-зялёным. Ледзь да бойкі не дайшло. Гэта было вельмі непрыемна. Але калі прыяжджаюць хварэць іншыя людзі зь Беларусі з «мусульманскім» сьцягам, дык потым яны садзяцца пад нашы сьцягі і ніколі ніякіх непаразуменьняў не бывае.

ЗБ: Ці не здаецца Вам, што прыемна быць беларусам на чужыне? Ведаю многа людзей, якія з палёгкаю пераходзяць на беларускую мову, як толькі пераяжджаем мяжу. Бо сапраўды, за беларускім КПП можна не баяцца.

АМ: У мяне такога пачуцьця няма. Я цяпер пачуваюся як эканамічны эмігрант. А чаму я тут, у Расеі, адказ толькі адзін — я зарабляю грошы, каб празь нейкі час вярнуцца дадому і быць эканамічна незалежным чалавекам. Тады можна дазволіць сабе рабіць тое, што я цяпер на Радзіме не магу рабіць.

Дапамагчы беларускай культуры

ЗБ: У Беларусі немажліва зарабіць такія грошы, якія Вы зарабляеце у Маскве?

АМ: Гэта значна лягчэй зрабіць у Маскве. З маіх знаёмых усе, хто скончыў МДУ, спачатку павярталіся дамоў, потым, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, зноў выехалі ў Маскву ці Амэрыку. Цікава, як едзеш на адпачынак за мяжу, знайсьці там Беларусь. Я быў у Лёндане ў а.Аляксандра Надсана, у Нью-Ёрку сустракаўся з Антонам Шукелойцем. У Лос-Анджэлесе — зь сямьёй Віньніцкіх… Падчас размоў зь імі разумееш, колькі страціла Беларусь зь іхнім ад’ездам. Нядаўна мусілі прывезьці парэшткі Дзянікіна са Злучаных Штатаў. Вось калі такое адбудзецца ў Беларусі, фактычна, будзе падведзена рыса пад грамадзянскай вайной, якая адбылася ў нашай краіне падчас Другой сусьветнай. А цяпер трэба хто як можа дапамагаць беларускай культуры. Разам з Уладзімерам Арловым мы прыдумалі конкурс па напісаньні сучаснай гістарычнай прозы. Віктар Дзятліковіч стварыў цікавы сайт (www.maskva.com. — «НН»), дзе ёсьць наша дошка аб’яў, форумы, гістарычныя агляды. Сустракаюцца вельмі цікавыя сайты беларусаў зь іншых краінаў.

ЗБ: А дзе ў Маскве адвесьці душу беларусу?

АМ: Два гады таму мы рабілі выставу Алеся Пушкіна. У апошні час зьявіліся беларускія рэстараны. Першы — недалёка ад Краснай плошчы. Але беларускі калярыт у іх сканчаецца на мэню. Другі — гэта «Крамбамбуля» каля былога ВДНГ. І трэці — «Зубр» на праспэкце Міру. Беларусы Масквы сустракаюцца таксама ў касьцёле на сьвяточнай імшы на Вялікдзень і на Божае Нараджэньне — незалежна ад таго, каталікі яны ці праваслаўныя. Каб пачуць з вуснаў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча зварот на чыстай беларускай мове: «Шаноўныя землякі, віншую вас са сьвятам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0