Адміністрацыйна-тэхнічная інспекцыя горада Баранавічы пачала ўжываць новы метад барацьбы з тымі, хто незаконна вядзе земляныя работы, раскопкі, паведамляе «Беларускі партызан» са спасылкай на партал «Наш край».

Беспілотны лятальны апарат верталётнага тыпу вертыкальнага ўзлёту і пасадкі «Шэршань» абследаваў тэрыторыю прыватнай забудовы ў раёне вуліцы Вільчкоўскага ў Баранавічах.

На вышыні 100—150 метраў беспілотнік кружыў над прыватнай забудовай, абследуючы землі, каб выявіць, дзе незаконна праходзяць земляныя работы. Выява перадаецца на пульт кіравання, затым адзнятыя фота- і відэаматэрыялы будуць разгледжаны спецыялістамі адміністрацыйна-тэхнічнай інспекцыі.

— Мы лічым гэта добрым метадам выяўлення раскопак, - тлумачыць Вячаслаў Козел, дырэктар адміністрацыйна-тэхнічнай інспекцыі. — У Баранавічах ужо былі трагічныя выпадкі, калі ў траншэях (падчас незаконных раскопак) пацярпелі людзі. Каб такія выпадкі не паўтараліся, земляныя работы павінны праводзіцца з дазволу адміністрацыйна-тэхнічнай інспекцыі і з выдачай неабходных рэкамендацый.

Выдача дазволу на правядзенне земляных работ абыдзецца ў 23 руб. 30 кап. А штраф за правядзенне раскопак без дазволу складае да 10 базавых велічынь. Такім чынам, лятальны апарат напэўна акупіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0