Дзяржабвінаваўца папрасіў суд прыгаварыць былога намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях Дзмітрыя Бегуна, які абвінавачваецца ў атрыманні хабару, да 8 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Другога фігуранта справы, бізнэсоўца Аляксандра Грыца, ён просіць асудзіць да больш мяккага пакарання — пяці гадоў абмежавання волі без накіравання ў калонію, піша Tut.by.

Сёння ў судзе Заводскага раёна Мінска пачаліся спрэчкі бакоў па гучнай справе. Нагадаем, былога намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях Дзмітрыя Бегуна абвінавачваюць па ч. 3 арт. 430 КК «Атрыманне хабару». Па версіі следства, экс-кіраўнік узяў хабар ад Грыца на 105 мільёнаў недамінаваных рублёў, 4 тысячы дэнамінаваных рублёў і 5 тысяч даляраў. Грошы, як правіла, перадаваліся ў рабочым кабінеце або ў двары дома Дзмітрыя Бегуна. У чацвер, 9 лістапада, пракурор запатрабаваў для былога намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях 8 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці ў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Судовы працэс доўжыўся два месяцы. За кратамі разам з экс-чыноўнікам апынуўся бізнэсмен Аляксандр Грыц, які і перадаваў хабары. Ён прызнаў віну ў поўным аб'ёме і расказаў, што ўвосень яго, дырэктара будаўнічай фірмы, запрасілі ў кабінет да Бегуна.

— Ён спытаў: «Хочаш са мной працаваць?» Я зразумеў, што трэба нешта прапанаваць. Да гэтага мяне ніхто ніколі не запрашаў да заключэння дамовы. Я напісаў на лісце 3%, Дзмітрый Міхайлавіч паглядзеў, скамячыў паперу і паціснуў мне руку, — распавядаў у першы дзень допыту ў судзе абвінавачваны Аляксандр Грыц.

Дзмітрыя Бегуна затрымалі на месцы злачынства 19 сакавіка 2017 года. Хабар у 5 тысяч даляраў, па словах Грыца, былы намеснік міністра па НС збіраўся патраціць на адпачынак у Гоа. Толькі гэтую суму Бягун і прызнае.

— Віну ў тым, што атрымаў ад Грыца грашовыя сродкі ў памеры 5 тысяч даляраў, прызнаю ў поўным аб'ёме, — казаў падчас допыту ў судзе Бягун.

Усё астатняе ён адмаўляе. Санкцыя артыкула, па якім яму прад'яўлена абвінавачанне, прадугледжвае ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Бізнэсоўца Аляксандра Грыца абвінавачваюць па ч.2 арт. 431 КК «Даванне хабару». Яму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі, пракурор запрасіў 5 абмежавання волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0