Палітык Алесь Лагвінец падчас «дэсанту» актывістаў «Дзеі» ў Мазыр заўважыў у сацыяльных сетках, што непаўналетнія выхаванцы Цэнтра цыркавога мастацтва «Арэна» ў канцы кастрычніка бралі ўдзел у спаборніцтвах у Луганску.

Міжнародны фестываль «Цыркавая будучыня» праходзіць не ўпершыню. Перапынак рабіўся толькі на трагічны 2014 год. У 2015 прадстаўнікоў Беларусі на фэсце не было, летась прадстаўлялі адразу тры калектывы, але паўналетніх. Сёлета ж мазырская школа адправіла ў «ЛНР» яшчэ дзяцей.

Беларусь прадстаўлялі ў Луганску «Канатаходцы-Кузняцовы», у склад якіх уваходзяць Дзмітрый Салянік (22 гады), Андрэй Сітнік (16 гадоў), Дзіяна Сітнік (14 гадоў) і Вікторыя Баграёнак (14 гадоў).

Такім чынам, беларускіх дзяцей вывезлі на спаборніцтва ў непрызнаную дзяржаву, патэнцыйна небяспечную.

Варта адзначыць, што «Цыркавая будучыня» праходзіць у рамках Гуманітарнай праграмы «па ўз’яднанні народа Данбаса». Ладзіць гэта ўсё Міністэрства культуры, спорту і моладзі «ЛНР».

У конкурсе таксама бралі ўдзел прадстаўнікі з Швейцарыі, Італіі, Балгарыі. Толькі дзеля справядлівасці скажам, што іх вывозілі трэнеры — выхадцы з постсавецкай прасторы.

Беларускія дзеці пацвердзілі свой высокі клас і занялі першае месца, але гэта не адмяняе таго факту, што яны бралі ўдзел у дастаткова сумніўных спаборніцтвах.

Мастацкі кіраўнік студыі «Арэна» Марыя Кузняцова сказала для «НН», што «нічога кепскага» ў Луганску яна не заўважыла. «Усё не так блага», — адзначыла яна.

Дырэктар цэнтра Наталля Дайнэка ў сваю чаргу адзначыла, што дзеці ездзілі ў Луганск нефармальна. «Была згода бацькоў на выезд, якія праблемы?» — адзначыла яна.

На пытанні, як цыркачы дабіраліся да Луганска, якія могуць быць наступствы гэтага выезду і г.д. у адміністрацыі «Арэны» адказваць не захацелі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?