Журналіст Зміцер Галко прысутнічаў на святкаванні 15-годдзя свайго сына Яна Хрысціяна. Вечар яны скончылі ў аддзяленні міліцыі, а адзін з сяброў — у рэанімацыі. Вось што расказала пра падзеі мінская міліцыя, а што — сам Галко.

«У суботу 25 лістапада ўвечары падчас патрулявання ўчастковы міліцыянт заўважыў, як на балконе другога паверха стаялі дзеці, якія лаяліся матам і візуальна знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення, — расказаў афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі. — З кватэры даносілася гучная музыка.

Участковы патэлефанаваў супрацоўнікам інспекцыі па справах непаўналетніх. Разам яны накіраваліся ў кватэру. Дзверы адамкнуў мужчына ў моцным стане алкагольнага ап'янення, за ім стаялі дзеці. Мужчына пачаў пагражаць супрацоўнікам праваахоўных органаў, выказвацца нецэнзурнай лаянкай, хапаць ўчастковага за форму, — сцвярджае Ластоўскі. — У кожным пакоі [кватэра двухпакаёвая, на дні нараджэння прысутнічала 17 чалавек — НН] знаходзіліся непаўналетнія, там жа стаялі адкрытыя спіртныя напоі: гарэлка, віскі, віно, піва, шампанскае».

Па інфармацыі міліцыі, мужчына схапіў участковага за руку, спрабаваў яму перашкодзіць. Тэлефон інспектара упаў і разбіўся. Інспектар таксама сцвярджае, што ўжо ў калідоры сын мужчыны падбег да міліцыянта і двойчы ўдарыў кулаком па твары, затым ўдары нанёс яго бацька.

«Цяпер у рамках крымінальна-працэсуальнага кодэкса праводзіцца праверка», — кажа Ластоўскі.

Зміцер Галко распавёў «Нашай Ніве» сваю версію падзей.

Па яго словах, на 15-ы дзень народзінаў яго сына Яна сабралася 17 чалавек. Сам Зміцер проста прысутнічаў там, «на ўсякі выпадак». Мамы Яна, былой жонкі Змітра Галко, у той вечар дома не было, яна паехала да сваёй маці.

«У адным пакоі быў Ян з сябрамі, я сядзеў у іншым, за камп’ютарам. Да мяне на нейкі час заехаў сябар, мы выпілі трохі шампанскага. Пасля сябар з’ехаў. Каб падлеткі штосьці пілі — я не бачыў. Пасля ўжо, пазней, я заўважыў у іх на стале стаяла віно — але гэта ўсё», — расказвае Галко-старэйшы.

Калі хтосьці пазваніў у дзверы. Зміцер адкрыў, на ганку стаялі мужчына ў міліцэйскай форме, а з ім — мужчына і жанчына ў цывільным.

«Распавялі, што паступіў да іх выклік, скаргі на шум… Я паабяцаў музыку выключыць. Яны спыталі, а што ўвогуле адбываецца ў кватэры, я патлумачыў, што сын святкуе дзень народзінаў, а я бацька, — кажа Зміцер Галко. — Тады ў мяне папрасілі дакументы».

Галко сцвярджае, што госці «пачалі хадзіць у ботах па чыстай кватэры, заглядваць у пакоі. Я папрасіў іх выйсці — злачынства аніякага не адбываецца, што ім там рабіць. Я не дазваляў уваходзіць. Міліцыянт сказаў — бачу, што непаўналетнія распіваюць алкаголь».

Запрасіўшы міліцыянта пакінуць памяшканне, сцвярджае Галко, ён узяў яго за руку.

«Міліцыянт пачаў лямантаваць, што я на яго напаў. Удвух разам з хлопцам у цывільным яны мяне пачалі круціць. Пачаўся вэрхал, выскачыў мой сын з крыкам: «Не чапайце бацьку!». Прайшло некалькі хвілін — і ў кватэру ўварвалася група захопу, у бронекамізэльках, усё як трэба, больш за 5 чалавек іх было дакладна. Крычалі: «Усім стаяць, рукі на сцяну!».

«Затым мяне паклалі тварам у падлогу, накінулі кайданкі. Адзелі кайданкі і на майго сына», — расказвае Зміцер Галко.

Па словах Галко, падлеткі спужаліся і пачалі разбягацца. Некаторыя выскачылі ў акно — а кватэра была на другім паверсе.

Агулам міліцыя затрымала самога Галко, яго сына і яшчэ 4—5 падлеткаў.

Некаторыя з тых, хто скакаў у акно, атрымалі траўмы. У аднаго — зламаная нага, у другога — хрыбет. Гэты апошні хлопец у бальніцы, некалькі дзён ён правёў у рэанімацыі. 

Змітра Галко з сынам даставілі ў Савецкі РУУС.

«Прасядзеў я за кратамі да раніцы 27 лістапада, пасля ў судзе Савецкага раёна прызналі мяне вінаватым, што я нібыта размахваў рукамі і лаяўся матам на вуліцы ля дома. Суд даў мне штрафу дзве базавыя, і мяне адпусцілі».

Сына адпусцілі раней, ноччу з 25 на 26 лістапада, каля 5-й раніцы. 

Цяпер, сцвярджае Зміцер Галко, яго сына вінавацяць у тым, што ён ударыў міліцыянта. 28 лістапада Яна Галко чакае камісія па справах непаўналетніх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?