Такія жарсьці ўсчаліся з артыкула «Нашай Нівы» пра дзяцей апазіцыянераў, што я зьдзівіўся. Я ізноў зьдзівіўся таму, якія ўсе ваяўнічыя там, дзе трэба разважыць, але якія разважныя там, дзе трэба паваяваць. «Наша Ніва» падняла вельмі важную тэму, пра якую трэба разважаць, а ня кідацца абразамі ці нават пагрозамі.

У свой час, калі пачалася «Праграма Кастуся Каліноўскага», гэта была неймаверная падтрымка моладзевым актывістам. Я памятаю, як да 2006 года актывістаў дэмакратычнага руху выганялі з навучальных установаў нават за налепку, але пасьля старту «Каліноўскага» тагачасны міністар адукацыі сабраў рэктараў ВНУ і загадаў суцішыцца. Потым маладафронтаўцаў не выганялі з ВНУ нават пасьля адседжаных сутак. І калі цяпер мы сутыкаемся з сітуацыямі адлічаных «за палітыку» актывістаў, то гэта выпадкі адзінкавыя, а не масавыя. Таму карысьць «Праграмы Каліноўскага» вялікая — гэта сёньня страхоўка кожнага актывіста дэмруху ад адлічэньня. І калі такое адлічэньне здараецца, страхоўка спрацоўвае.

Засталіся ў іншых краінах, атрымаўшы там адукацыю, беларусы ці не засталіся — ня самае важнае пытаньне. Важней тое, ці жывуць Беларусьсю беларусы. Скарына, якога тут радасна прыводзілі ў прыклад эмігранта, паехаў па адукацыю і жыў мэтай дапамагчы сваім зямлякам і ўзьвялічыць сваю Бацькаўшчыну. Ці гэта гісторыя пра дзясяткі тысяч эмігрантаў з Беларусі? Толькі пра адзінакі.

Колішні маладафронтавец Рыгор Астапеня, які жыве і вучыцца ў Польшчы, робіць для Беларусі ў сто разоў болей за многія тысячы, якія ў Беларусі і на гэтым усё. Напэўна ж, дзясяткі ці сотні «каліноўцаў» вярнуліся, але ціха сядзяць на сваіх пятых кропках. Што горай? Таму нашаніўская ідэя была ня ў тым, хто дзе вучыцца, але ў тым, чаму пасіянарыі становяцца пасіўнымі, а патрыёты — касмапалітамі, чаму дзецям змагароў фіялетава бацькоўскае змаганьне. І на гэтыя тэмы трэба разважаць, а не сварыцца.

Мой адказ ня новы: людзі ня вераць у свае перспектывы тут, бо ня вераць у перспектывы Беларусі. Таму актывіст, які ўчора нёс першым сьцяг на мітынгу, сёньня ціхенька працуе на сваёй працы і носа імкнецца не высоўваць. Таму студэнт, які ўчора змагаўся за самакіраваньне, сёньня сядзіць у польскім пабе і пацягваае кактэйльчык. Першы размаўляе па-расейску, другі па-польску — і ўсё ў іх добра. У чым розьніца паміж тым, хто зьехаў, і тым, хто застаўся? Розьніцы ніякай, але ёсьць тое, што іх аб’ядноўвае — яны ня вераць у сваю перспектыву тут і ў перспектыву самой Беларусі.

Я разважаю сам з сабою: чаму я яшчэ ня толькі тут, але нешта, быццам бы, спрабую рыпацца? Бо калісьці я паспрабаваў глянуць Божымі вачыма на Беларусь. Калісьці я зразумеў, што ідэалы свабоды і справядлівасьці — гэта перадусім не мае ідэалы, гэта ідэалы Ісуса Хрыста. Незалежная і беларускамоўная Беларусь — гэта ня мой план і ня план апазыцыці, гэта план Божы. І калі я так глянуў, я зразумеў, што ня я першы змагар за свабоду і мову, але сам Бог. Бог даў усім свабоду і Ён першы за яе будзе ваяваць, Бог даў нашаму народу мову і Ён першы зацікаўлены ў тым, каб мова квітнела. Няхай бы хто-небудзь таксама зразумеў гэта. Тады ты ніколі ня зьедзеш і ніколі не апусьціш рукі. Усё што табе трэба — быць верным у тым малым, што сёньня дае табе Бог.

Ты выступаеш за разьвіцьцё беларускай мовы, а ў краме кажаш «спасіба-дасьвіданья». Ты змагаешся за перамены ў Беларусі, а дзецям тваім начхаць на тваю барацьбу. Уявіце, калі б кожны актывіст Народнага Фронту 90-х заклаў свае ідэалы ў сына так, як гэта зрабіў Вінцук Вячорка. Быў бы ў нас мільён Франакаў і нам бы зайздросьціла Амэрыка. Але Франакаў у нас пару штук і некаторыя пачынаць ужо нават Зімбабвэ зайсдросьціць.

Верачы ў перпектыву Беларусі, вось што важна — быць цяпер вернымі ў малым, бо гэтае малое ёсьць сёньня нашым самым вялікім. Размаўляйце на роднай, а не на чужой, бегайце за роднымі дзецьмі, а ня (еўра)чыноўнікамі — і будзе заўтра Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?