Над канцэпцыяй Сeremony, які фізічна аформіўся ў кастрычніку 2017 года, працуюць два дызайнеры: Роберт Варанецкі з Мінска і яго сябар Такашы Іта з Асакі (Японія).

Першапачаткова хлопцам хацелася займацца менавіта мужчынскай модай, бо яны бачаць, што мужчын па гэтай частцы дыскрымінуюць. «Не звяртаючыся да замежных рытэйлераў, складана купіць рэчы больш складанай канструкцыі, крою або фактуры. Пераважная большасць айчынных дызайнераў абралі для сябе жаночую аўдыторыю. Мы запаўняем гэты прабел», — удакладняе Роберт.

Ідэя новых плашчоў нарадзілася з таго, што адбываецца навокал: абмежаванне свабоды слова, татальны кантроль над інфармацыяй… Сваёй вопраткай дызайнеры не хочуць нікога правакаваць, а нагадваюць не забываць аб праблемах

«У бясконцай плыні інфармацыі прытупляецца крытычнае мысленне, але не настолькі, каб нічога не разумець. Адмова ўсведамляць — гэта таксама пэўнага роду рашэнне, таму мы так часта паўтараем фразу, што нашы рэчы «для мужчын, якія вызначыліся з нечым». Некалькі месяцаў таму мы сутыкнуліся з сітуацыяй, абсурднасць якой зашкальвала. Нашага сябра з Нігерыі арыштавалі. Два месяцы ён правёў за кратамі. Не будзем удавацца ў падрабязнасці, скажам толькі, што арышт стаў дадатковым штуршком для нанясення гэтых заяў на плашчы. Такія рэчы ў нас могуць здарыцца з кожным», — расказваюць хлопцы.

Перш чым пачаць прадаваць плашчы, Роберт пэўны час тэсціраваў вопратку сам. Кажа, што ўвагі плашч прыцягвае вельмі шмат, таму ён не для баязлівых кліентаў. Затое падыдзе тым, хто пастаянна замярзае: дызайнеры сцвярджаюць, што вініл разам з уцяпляльнікам дазваляе камфортна адчуваць сябе нават у мінус 25.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?