У Нацыянальнай бібліятэцы 8 снежня Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі правёў фінал конкурсу «Студэнт года».

За званне змагаліся 10 студэнтаў з розных беларускіх ВНУ.

Тэматыку конкурсу вызначылі як «Беларусь — крыніца натхнення», выступіць таксама запрасілі гурт Naviband — зала падпявала ім стоячы.

Ну а перамагла 19-гадовая студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандра Радковіч — дзяўчына скарыла журы сваёй шчырасцю і харызмай, таксама залу сваімі галасамі рвалі дзясяткі чалавек падтрымкі.

Валячыся ад стомы з ног, дзяўчына знайшла сілы сказаць пару словаў для «Нашай Нівы».

«Чаму я гавару па-беларуску? Усё заклалася ў дзяцінстве — я хадзіла ў беларускамоўны садок і школу. Мая пазіцыя такая: мы — беларусы, мы — нацыя. У нас ёсць мова, на якой мы мусім гаварыць», — сказала яна.

«Выкладчыкі і аднагрупнікі мой выбар адназначна ўхваляюць, я ж актывістка — мной нават ганарацца ў пэўным сэнсе, бо я прадстаўляю факультэт і ўніверсітэт. Я ж не адна беларускамоўная, у нас шмат такіх. «І «Нашу Ніву» я чытаю. І на суполку вашую «УКантакце» падпісаная», — запэўніла дзяўчына.

Фрагмент выступлення, Аляксандра злева

Фрагмент выступлення, Аляксандра злева

«Я лічу, што трэба больш выкладаць на мове, адукацыя мае быць беларускамоўнай, каб больш мовы было ў жыцці», — падсумавала яна, адказваючы на пытанні пра хібы айчыннай адукацыі.

Аднагрупнікі Аляскандры называюць яе рухавіком, які не сядзіць на месцы.

Дзяўчына паходзіць са Слонімшчыны, марыць працаваць вядучай на тэлебачанні ці на радыё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?