Вайскоўцы пабудавалі пантонны мост праз раку Прыпяць у раёне Жыткавічаў. У 9:00 вайскоўцы 188-й гвардзейскай інжынернай брыгады і супрацоўнікі МНС пачалі ўзводзіць пераправу. Пасля 12-й гадзіны мост адкрыўся для руху, піша Tut.by.

Даўжыня пантоннага моста — 146,7 метраў. Ён зможа вытрымаць усе віды транспарту — ад легкавых да грузавых машын. «І нават танкі», — адзначылі ў Міністэрстве абароны Беларусі.

А пасля 12.00 праз Прыпяць пусцілі і грамадзянскі транспарт.

Апошнія дні перавозкай людзей праз Прыпяць займалася МНС. Легкавы транспарт і грузавыя аўтамабілі вагой да 10 т пераплаўляліся з дапамогай парома, які працуе ўнізе па цячэнні ракі і за 5 км ад Жыткавічаў.

Пра тое што на аўтамабільным мосце праз Прыпяць у Жыткавічах з'явіліся расколіны і ён прасеў, стала вядома 7 снежня. Першапачаткова мост зачынілі для аўтатранспарту, а затым і для пешаходаў.

Паводле ацэнак спецыялістаў, яго закрылі прыкладна на год.

Як распавёў віцэ-прэм'ер Беларусі Анатоль Калінін, прычынай разбурэння моста над Прыпяццю маглі стаць яго канструкцыйныя недахопы.

Мост праз Прыпяць даўжынёй 888 метраў, які злучае Жыткавічы і Тураў, быў пабудаваны ў 1985 годзе. Два гады таму правялі яго капітальны рамонт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0