У кінатэатр «Кастрычнік» у Маскве падчас паказу фільма «Палёт кулі» ўварваліся каля 50 прыхільнікаў прарасійскіх сепаратыстаў. Адзін з іх абліў экран мачой. Супрацоўнікі АМАПа вывелі гледачоў з залы і выклікалі падмацаванне, паведамляе Бі-бі-сі.

У нядзелю ў маскоўскім кінатэатры «Кастрычнік» людзі ў камуфляжных касцюмах з нашыўкамі «Наваросіі» і адпаведнымі сцягамі ды члены радыкальнага руху SERB сарвалі паказ дакументальнага фільма «Палёт кулі» пра вайну ва Украіне.

У самым пачатку паказу ў 12.30 гэтыя людзі ўбеглі ў кіназалу і з крыкамі «Ганьба бандэраўцам!», «Спыніце паказ фільма супраць рускіх!» спрабавалі спыніць паказ карціны. Іх вывелі супрацоўнікі паліцыі. У зале было каля 200 гледачоў.

Праз некаторы час людзі ў камуфляжы і радыкалы з SERB зноў ўварваліся ў залу. Адзін з іх у чырвонай шапцы з надпісам SERB абліў экран пахучай вадкасцю, падобнай на пратухлую мачу. Да гэтага моманту на дапамогу паліцыі прыехалі супрацоўнікі АМАПа, якія сілай выгналі хуліганаў з залы.

Пасля таго, як адзін з актывістаў абліў экран мачой, па зале пачаў распаўсюджвацца смурод, і многія гледачы пачалі выходзіць самі.

Праз 10 хвілін паліцыя прыняла рашэнне эвакуяваць гледачоў з меркаванняў бяспекі. Залу ахоўвалі некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў АМАПа ў касках і масках, яны арганізавалі калідор для эвакуяваных гледачоў. Хуліганы крычалі ім услед «Ганьба» і абразлівыя выказванні.

Пасля эвакуацыі некаторы час у кіназале працягвалі стаяць людзі ў камуфляжы і спрачацца з гледачамі. Ад хуліганаў выразна даносіўся пах алкаголю.

Каля будынка кінатэатра дзяжурыў адзін аўтазак. Аднак пасля заканчэння бойкі ён з'ехаў амаль пустым.

Гэта ўжо не першы візіт прыхільнікаў прарасійскіх сепаратыстаў у кінатэатр «Кастрычнік», дзе фільм паказваюць у рамках фестывалю «АРТДОКФЕСТ». У суботу яны ўжо прыходзілі на паказ «Палёту кулі» і заявілі, што на наступным паказе ў арганізатараў будуць «сур'ёзныя праблемы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0