20 лістапада ў Гомельскую абласную клінічную бальніцу быў шпіталізаваны 13-гадовы падлетак з дыягназам «вострае атручванне неўдакладненым рэчывам».

Супрацоўнікі міліцыі зацікавіліся сітуацыяй. Высветлілася, што за два дні да шпіталізацыі падлетак вярнуўся з футбольнай трэніроўкі і паскардзіўся маці на боль у жываце. Прачнуўшыся раніцай наступнага дня, сын ізноў распавёў маме пра сваю праблему, палову дня прабыў дома, а потым зноў пайшоў на трэніроўку. Вечарам боль стаў вастрэйшым, хлопец доўга не мог заснуць. А ўначы яго маўленне стала невыразным, пачаліся галюцынацыі. І толькі раніцай хлопчыка даставілі ў медыцынскую ўстанову.

Аказваецца, на працягу двух дзён, каб зняць болевы сіндром, маці хлопчыка займалася самалячэннем. У ход ішлі разнастайныя прэпараты, звязаныя са здыманнем болю розных відаў, а таксама супраць дыярэі. Потым да лекавання падключылася бабуля. «Вопытная» знахарка рыхтавала травяныя адвары на аснове кораня калгана. А пасля таго, як у дзіцяці пачаліся галюцынацыі, ужываліся прэпараты для лячэння заікання і цікаў, паведаміла міліцыя.

Дзякуючы экстраннай медыцынскай службе падлетка паставілі на ногі. Першапачатковыя аналізы паказалі, што вострае атручванне выклікана далёка не наркатычнымі рэчывамі, а медыкаментамі. Канчатковую кропку ў гэтай справе паставяць дадзеныя экспертных даследаванняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?