У апошняй праграме «Клуб рэдактараў» на канале «Беларусь 1» старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька заявіў, што ў беларускай інфармацыйнай прасторы адбываецца «акопная разня».

— У апошні час адыёзныя сайты перасталі публікаваць аналітыку, даюць проста навіну, правакацыйна падаючы яе, і запрашаюць да абмеркавання, — цытуе Генадзя Давыдьку sb.by. — Гэтая навіна — як дзверы, якія запрашаюць у пекла каментароў. І, калі ты заходзіш у гэтыя каментары, ты трапляеш на мітынг. Які абражае ўсё і ўсіх, дзе ўсе ўдзельнікі, натуральна, у масках. Калі на вуліцах у нас гэта забаронена, то там дазволена. І бэсцяць, заклікаюць да звяржэння, пішуць: укрыжуй, забі і гэтак далей…

Галоўны рэдактар «Советской Белорусіі» Павел Якубовіч у сваю чаргу заявіў:

— Мэта не прыхоўваецца — змяніць канстытуцыйны лад. З усімі вынікаючымі адсюль наступствамі. У гэтым зацікаўлена досыць вялікая колькасць спонсараў, якія арганізуюць гэтую вайну.

Узнікае такое адчуванне, што часцяком гэта нават не наведвальнікі, не людзі, якія жадаюць абмяняцца думкамі, а таксама свайго роду тэхналогія. Ёсць інфармацыйны рэсурс, займаецца палітыкай. Але яму ж нельга сказаць пра каго-небудзь з дзяржаўных службоўцаў, каго ненавідзяць, або проста асабістых ворагаў. Яны ствараюць форум і самі пішуць на ім ад імя «шрубы», «бараны», «янычараў»… Не трэба кагосьці крыўдзіць, прыгнятаць, цягнуць у суд. Але выгукнуць, так бы мовіць, аперэтачнае «Пане, зніміце маску» час прыйшоў.

Галоўны рэдактар «Сельской газеты» Сяргей Міховіч прапануе «выкарыстоўваць існуючыя магчымасці кампетэнтных органаў»:

— Калі гэтыя рэсурсы, нібыта папы Гапоны, засылаюцца, каб правакаваць тых, хто можа на гэта паддацца, хоць гэта і мізэрная частка насельніцтва, і страцілі сваё прамое прызначэнне, іх трэба проста закрыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0