Дзяржаўны забудоўшчык абвесціў, што будзе ад раніцы заключаць дамову з ахвотнымі пабудаваць у Мінску жыллё па $620 за метр. Дзясяткі чалавек занялі чаргу яшчэ ад вечара.

Месяц таму папярэдняе з’яўленне ў продажы танных кватэр у сталіцы скончылася скандалам. Мінчукоў, якія самаарганізоўваліся і чакалі ў створаных імі ж чэргах па некалькі гадоў, пасунулі больш нахабныя і спрытныя. Невялікая групка заняла абарону на ганку УКБ Цэнтральнага раёна Мінска, і таннае жыллё (а кошт за метр быў амаль удвая ніжэйшы за рынкавы) адышло ім. УКБ паведаміла, што ўсё па законе — права набыць кватэру прадастаўляецца па жывой чарзе, ўсе дамоўленасці патэнцыйных кліентаў юрыдычнай сілы не маюць.

І вось, 19 снежня — працяг гісторыі. УКБ выставіла на продаж новую «партыю» кватэр у Навінках.

Але людзі пачалі фарміраваць жывую чаргу загадзя. І ўвечары 18 снежня на ганку УКБ ужо стаяла каля 30-40 чалавек. Частка, у асноўным жанчыны, загарнулася ў коўдры і ўмацавалася ля самых дзвярэй установы. Вакол патрулявалі крэпкія мужчыны, таксама цёпла адзетыя. Бачна, што людзі гатовыя начаваць і, калі што, змагацца за права набыць жыллё «са зніжкай».

Чым бліжэй да дзвярэй, тым больш кліенты УКБ нервуюцца. Заўважна, што людзі зусім не ганарацца абставінамі, у якіх яны аказаліся. Калі іх фатаграфуюць, будучыя жыхары дома ў Навінках адварочваюць твары ці закрываюць аб’ектыў рукамі, на пытанні ці не адказваюць, ці штосьці неахвотна цэдзяць.

Агулам, як паведаміла адна з жанчын, у жывой чарзе 44 чалавекі. Яна апошняя, вось, вырашае, ці варта стаяць — кватэр жа ўсяго толькі 39. Некаторыя з канца чаргі шчыра прызнаюцца: ведаюць, што кватэр ім не хопіць, прышлі паглядзець што тут і як, каб быць гатовымі, калі УКБ «выкіне» наступную порцыю таннага жылля.

Увогуле, як сцвярджае адзін з суразмоўцаў, пост на ганку стаіць з таго дня, калі апублікавалі праектную дэкларацыю аб продажы кватэр — то бок ад 13 снежня. Людзі пазменна дзяжураць на марозе амаль тыдзень — і 19 снежня нарэшце змогуць атрымаць права набыць уласнае жыллё. Прычым тых, хто раней ствараў спісы, па некалькі гадоў чакаў, запісваўся, дамаўляўся з іншымі патэнцыйнымі пакупнікамі, сёння ля УКБ няма. Толькі жывая чарга.

Але задаволеныя, канечне, не ўсе.

«Ды я ведаю, што нічога не атрымаю. Бо некаторыя будуць па дзве кватэры сабе браць», — скардзіцца мужчына. Яго нумар у чарзе якраз 39, але ён упэўнены, што застанецца без кватэры.

Аднак, кажа, заўтра раніцай усё роўна прыедзе на ганак УКБ. На ўсялякі выпадак.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?