Аляксандр Ермаковіч завяршыў сваю працу на пасадзе галоўнага трэнера футбольнага клуба БАТЭ, паведамляе клуб.

«Наступіў момант, калі Аляксандр Уладзіміравіч палічыў, што прыйшоў час, каб змяніць абстаноўку. ФК БАТЭ з разуменнем паставіўся да гэтага рашэння», — напісана на сайце клуба.

За чатыры гады самастойнай працы Аляксандр Ермаковіч выйграў з БАТЭ 10 трафеяў (5 разоў станавіўся чэмпіёнам Беларусі, 1 раз — уладальнікам Кубка, 4 — уладальнікам Суперкубка Беларусі) — больш чым хто-небудзь за 25-гадовую гісторыю суверэннага футбола. Акрамя гэтага ён двойчы выводзіў БАТЭ у групавыя турніры Лігі чэмпіёнаў (2014, 2015) і Лігі Еўропы (2017). У 2015 годзе ён быў прызнаны найлепшым трэнерам нашай краіны.

Агулам Ермаковіч правёў 472 афіцыйныя матчы ў БАТЭ (279 у якасці гульца і 193 — галоўнага трэнера) — больш за ўсіх у гісторыі каманды.

На працягу 11 сезонаў Ермаковіч служыў ФК БАТЭ ў якасці палявога гульца. Пасля завяршэння сезону-2004, калі каманда перажыла самы драматычны перыяд у сваёй гісторыі (услед за галоўным трэнерам шэрагі БАТЭ пакінула вялікая група футбалістаў, што фактычна азначала будаўніцтва каманды з «нуля») Ермаковічу было даверана права выконваць абавязкі капітана.

Ён заставаўся капітанам да завяршэння гульнявой кар'еры ў 2008 годзе. Буцы на цвік Ермаковіч павесіў пасля матчу заключнага тура групавога раўнду Лігі чэмпіёнаў-2008/09 у Турыне супраць мясцовага «Ювентуса».

У якасці гульца Аляксандр Ермаковіч станавіўся 5-кратным чэмпіёнам Беларусі (1999, 2002, 2006, 2007, 2008), уладальнікам Кубка краіны (2006), срэбным (1998, 2000, 2003, 2004) і бронзавым (2001) прызёрам чэмпіянату краіны, чатыры разы ўключаўся ў сімвалічную зборную чэмпіянату (1999, 2002, 2006, 2007).

Пасля гэтага ён увайшоў у трэнерскі штаб Віктара Ганчарэнкі, якому і асыставаў да кастрычніка 2013 года. А пасля таго як Віктар Ганчарэнка прыняў прапанову краснадарскай «Кубані», Аляксандр Ермаковіч быў зацверджаны на пасаду галоўнага трэнера ФК БАТЭ.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру