Па выніках першых з 2015 года перамоваў на высокім узроўні паміж Паўднёвай Карэяй і КНДР была дасягнутая дамоўленасць ужо з заўтрашняга дня ўзнавіць дзеянне лініі гарачай сувязі паміж арміямі дзвюх краін, а таксама правесці кансультацыі з удзелам вайскоўцаў з мэтай знізіць напружанасць на лініі размежавання, паведамляе ТАСС.

Апроч гэтага, краіны пагадзіліся актывізаваць абмены дэлегацыямі ў розных сферах. 3 студзеня была адноўленая двухбаковая лінія сувязі у памежнай вёсцы Пханмунджом, дзе раней адбываліся перамовы прадстаўнікоў дзвюх карэйскіх дзяржаў.

Пераход паміж КНДР і РК на лініі размежавання

Пераход паміж КНДР і РК на лініі размежавання

Дэлегацыю Паўднёвай Карэі ўзначаліў міністр па справах нацыянальнага аб'яднання Рэспублікі Карэя Чо Мён Гюн, дэлегацыю КНДР узначальвае старшыня камітэта КНДР па мірным аб'яднанні радзімы Лі Сон Гвон.

Сустрэча, паводле дадзеных паўднёвакарэйскага міністэрства аб'яднання, пачалася а 10:00 па мясцовым часе. Cтаршыня Камітэта па мірным аб'яднанні Лі Сон Гвон перад яе пачаткам, як піша Reuters, выказаў аптымізм адносна вынікаў гэтых перамоваў. «Дыялог пройдзе добра», — заявіў ён журналістам перад уваходам у перамоўную. «Сёння Паўночная і Паўднёвая Карэя будуць весці размову з пазіцый сур'ёзнасці і шчырасці», — дадаў ён.

Карэя застаецца падзеленай на дзве дзяржавы — камуністычную Поўнач і дэмакратычны Поўдзень — з 1948 года. У выніку заканчэння Карэйскай вайны (1950-1953) была створаная зона размежавання, але дагэтуль дзве дзяржавы фармальна застаюцца ў стане вайны, бо мірны трактат між імі ніколі не быў падпісаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0