У свята Хросту Пана ў традыцыйнай прамове падчас малітвы «Анёл Панскі» папа Францішак даў вернікам «хатняе заданне», паведамляе catholic.by.

Напачатку Святы Айцец адзначыў, што свята Хросту Пана, якое завяршае перыяд Божага Нараджэння, заклікае нас задумацца над нашым хростам. «Езус пажадаў прыняць хрост, які абвяшчаў і ўдзяляў на Ярдане Ян Хрысціцель». Езус, «не маючы граху, стаў у чаргу разам з грэшнікамі, змяшаўся з імі, каб быць ахрышчаным у водах ракі. Колькі ж у Езуса пакоры! Робячы гэта, Ён паказаў гатоўнасць занурыцца ў раку чалавецтва, прыняць на сябе абмежаванні і слабасці людзей, падзяліць з імі жаданне вызвалення і пераадолення ўсяго таго, што аддаляе ад Бога і робіць чужынцам у адносінах да братоў. Як у Бэтлееме, таксама і на беразе Ярдану Бог стрымлівае абяцанне прыняць на сябе цяжар чалавечага лёсу, і Езус з’яўляецца датыкальным і канчатковым знакам гэтага».

Святы Дух «здзяйсняе хрост Езуса, а таксама наш хрост. Ён адкрывае вочы нашага сэрца на праўду, на ўсю праўду. Ён выводзіць нашае жыццё на сцежку любові. Ён — гэта дар, які Айцец даў кожнаму з нас у дзень нашага хросту. Ён, Дух, перадае нам ласкавасць Божага прабачэння».

Папа падкрэсліў, што свята Хросту Езуса запрашае кожнага хрысціяніна ўзгадаць свой уласны хрост.

«Я не магу задаць вам пытання, ці памятаеце вы дзень свайго хросту, паколькі большасць з вас былі дзецьмі, як і я; нас ахрысцілі яшчэ ў маленстве. Але я задам вам іншае пытанне: вы ведаеце дату вашага хросту? Ведаеце, у які дзень вы былі ахрышчаныя? Няхай кожны пра гэта падумае. І калі вы не ведаеце або забыліся дату, то, вярнуўшыся дадому, запытайцеся ў мамы, у бабулі, у дзядзі, у цёці, у дзядулі, у хроснага, у хроснай, які гэта быў дзень.

І гэтую дату мы павінны заўсёды трымаць у памяці, паколькі гэта — святочны дзень, гэта дзень нашага першапачатковага асвячэння; дзень, калі Айцец даў нам Святога Духа, які кліча нас у дарогу, гэта дзень вялікага прабачэння».

«Не забудзьцеся пра хатняе заданне: якая дата майго хросту? У які дзень я быў ахрышчаны ці ахрышчаная?» — яшчэ раз настойліва паўтарыў папа Францішак напрыканцы сваёй прамовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?