Аляксей Д. — беларус, які стала жыве ў Варшаве і ўжо некалькі год чакае палітычнага прытулку (сусветная журналісцкая практыка асвятлення тэмаў, звязаных з уцекачамі, раіць не называць іх прозвішча да рашэння суда — Рэд.)

Сайт Еўрарадыё нядаўна паведамляў пра дзіўную гісторыю, якая адбылася з ім.

Маўляў, да Аляксея Д. прыйшлі на работу польскія сілавікі і затрымалі яго на запыт беларускага боку. Папярэдне за згвалтаванне, а потым нібыта прычына стала іншай — нясплата падаткаў.

Польскі суддзя вызваліў Аляксея пад заклад да таго моманту, пакуль Беларусь не дашле дакладныя факты яго злачынстваў.

Сам жа «Аляксей Д.» звязвае свой пераслед з «палітычнай дзейнасцю». Што ж гэта за чалавек? І якую дзейнасць ён вёў, што беларускія ўлады не могуць аб ім забыцца?

Як высветлілася, актывіст датычны да «Руху салідарнасці «Разам», незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі, якая асацыюецца з імем свайго былога кіраўніка Вячаслава Сіўчыка.

Па словах Сіўчыка, Аляксей Д. цяпер з'яўляецца сябрам рады руху «Разам» у Польшчы.

Палітычны прытулак ён папрасіў у гэтай краіне яшчэ ў 2015 годзе.

Адметна, што ніводная пошукавая сістэма не індэксуе імя гэтага чалавека (праваабаронцы вядуць падрабязную хроніку затрыманняў і пераследу), а ў сацыяльных сетках беларускі актывіст падпісаны па-польску, ягоную апошную выяву ўпрыгожвае польскі герб і сцяг ды надпіс «11 лістапада — свята незалежнасці».

Пра абставіны палітычнага пераследу мы запыталіся ў самога Аляксея Д.

«Хадзіў на усе акцыі: пасля выбараў, Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях… На Плошчы-2010 засвяціўся, залег на дно, бо званілі часта. Мяне звольнілі з працы. У сакавіку 2011 года адкрыў сваю малую фірму, бо трэба было нешта есці. У сябе на фірме пачаў друкаваць розныя ўлёткі і налепкі, вось такая тэхнічная падтрымка руха «Разам», — напісаў ён.

Мы яшчэ раз перапыталі, дык у чым жа была яго палітычная дзейнасць? Бо дзясяткі тысяч беларусаў «засвяціліся» на Плошчы, і далёка не кожны з іх прэтэндуе на статус палітычнага ўцекача ў Еўрасаюзе.

На гэта Аляксей Д. паведаміў, што не мае часу адказваць.

Варта дадаць, што колішні мінскі кіраўнік руху «Разам» Ірына Шчасная сказала «Нашай Ніве», што такога чалавека не ведае.

«З «Разам» была такая сітуацыя, што кожны, хто прыходзіў на іх сход, аўтаматычна залічваўся ў сябры», — падсумаваў Ілля Дабратвор, які некалі ўваходзіў у рух.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?