Намеснік старшыні камісіі па бяспецы і абароне Палаты прадстаўнікоў Валерый Гайдукевіч даў інтэрв'ю рэсурсу «Саюзны наратыў — 2050», блізкаму да русафільскага асяродку.

Фота vsr.mil.by

Фота vsr.mil.by

Гайдукевіч намаляваў карціну пагроз для Беларусі і ўсяго свету, прычым даволі канкрэтна ідэнтыфікаваўшы вытокі зла.

«Чаму амерыканцы так заўзята займаюцца ваеннай сферай, пастаянна падтрымліваюць напружанасць у свеце? Таму што гэта ўсё беспакарана, няма жорсткага адпору і нармальнага адказу, тым больш што яны імкнуцца дзейнічаць чужымі рукамі. Усе месцы напружання, якія ёсць сёння ў свеце, захоўваюцца пры падтрымцы і фінансаванні ЗША, — сарваў маскі Гайдукевіч, абазначыўшы таксама і сяброў. — Цяпер пайшла новая хваля паставак сучаснай зброі ва Украіну. Гэта таксама ні да чаго добрага не прывядзе. Будзе адэкватная рэакцыя «ДНР» і «ЛНР», якія не будуць сядзець на месцы і чакаць, калі супраць іх будуць прымяняць зброю. Яны звернуцца да сваіх саюзнікаў, каб ім таксама дапамаглі ў пастаўках ўзбраення».

«Адкуль узялася «Ісламская дзяржава»? Гэта недабітая ў свой час іракская армія, якая растварылася, знікла. Цяпер з'явіліся навучаныя людзі. Цяпер зноў амерыканцы іх збіраюць пад сваё крыло і рыхтуюць атрады баевікоў, якія адназначна будуць ваяваць супраць сірыйскага законнага ўрада», — яшчэ раз прайшоўся па амерыканцах Гайдукевіч.

«У Сірыі яны думалі, што маюць самыя лепшыя самалёты, але, калі сутыкнуліся з нават не апошняга пакалення расійскімі знішчальнікамі і не змаглі паўтарыць фігуры, якія выконвалі расейцы, зразумелі, што не ўсё так беспакарана можа быць», — сказаў ён.

Да чаго ж рыхтавацца Беларусі?

«Нас у першую чаргу цікавіць бяспека заходняй мяжы, паколькі асноўны праціўнік, хоць мы і не называем яго, але тым не менш маем на ўвазе, — блок НАТА», — сказаў дэпутат.

Гэтай фразай Гайдукевіч абверг выказванні ўсяго вышэйшага кіраўніцтва Беларусі — і міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, і кіраўніка Генштаба Алега Белаконева, якія раней публічна заяўлялі, што пагрозы з боку НАТА для Беларусі няма.

Валерый Гайдукевіч нарадзіўся ў Бягомлі. Скончыў Разанскую дэсантную вучэльню, Ваенную акадэмію імя Фрунзэ ў Маскве, Ваенную акадэмію Генштаба Расіі, а таксама Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0