Ад пачатку 1918 года ў беларускім руху існавалі і сапернічалі дзве плыні — «белнацкамаўцы» і «бэнээраўцы».

Аб гэтым паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк падчас круглага стала «1918-ы для Нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты», які прайшоў у рэдакцыі газеты «Звязда».

«Нельга толькі стваральнікаў БНР лічыць правапераемнікамі ідэй 1-га Усебеларускага з'езда. Больш таго, дэмакратычнага мандата і легітымнай правапераемнасці з Усебеларускім з'ездам Рада БНР насамрэч не мела, бо Усебеларускі з'езд ніколі патрабаванняў незалежнасці не агучваў. Легітымным пераемнікам і прадаўжальнікам ідэй Усебеларускага з'езда быў Белнацкам. Так, з'езд разагналі бальшавікі Заходняга фронту, бо не жадалі дзяліцца ўладай з прадстаўнікамі беларускага народу. Але ж з'езд здолеў адбыцца і быць такім прадстаўнічым менавіта таму, што бальшавіцкае цэнтральнае кіраўніцтва, а дакладней — асабіста Ленін і Сталін, падтрымала яго правядзенне» — заявіў дэпутат.

Ён нагадаў, што дэлегаты прынялі рэзалюцыю, у якой прызнаюць Савецкую ўладу.

«Дэлегаты прынялі рашэнне аб усталяванні ў Беларусі рэспубліканскага ладу, прызнавалі цэнтральны ўрад і не прызнавалі Аблвыкамзах як структуру франтавога паходжання. Разгон з'езду быў самавольствам Мяснікова, Кнорына і Ландэра» — падкрэсліў Ігар Марзалюк. — Іх пазіцыю рэзка раскрытыкавалі ў Петраградзе, запатрабавалі правесці новы з'езд. Натуральна, што крытыка гэтая зыходзіла з падачы тых беларускіх дзеячаў, якія самі былі ўдзельнікамі Усебеларускага з'езда. У Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцяў, якім кіраваў Сталін, 31 студзеня 1918 года, паводле дэкрэта Леніна, стварылі ў Петраградзе Беларускі нацыянальны камісарыят.

Менавіта гэты орган адыграў выключную ролю ў стварэнні беларускай савецкай дзяржаўнасці».

Такім чынам, па словах прафесара, ад пачатку 1918 года ў беларускім руху існавалі і сапернічалі дзве плыні — «белнацкамаўцы» і «бэнээраўцы».

«Кожная з гэтых плыняў адмаўляла іншую, абвінавачваючы ў здрадзе беларускай справе і беларускаму народу.

Аб'ектыўна ж — і тыя, і другія працавалі на карысць Беларусі, імкнуліся да стварэння беларускай дзяржаўнасці.

Дарэчы, і тыя, і другія былі прадстаўнікамі розных партый сацыялістычнага кірунку» — заявіў Ігар Марзалюк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0