У Асьвенціме асудзілі ўдзельнікаў мастацкага перформансу каля брамы нацысцкага канцэнтрацыйнага лагера.

Фота Уладзя Грыдзіна

Адам Бяляцкі асуджаны да 1 года 6 месяцаў зняволення. Яго прызналі вінаватым ў знявазе месца памяці і забойстве жывёлы. Ён таксама мусіць заплаціць штраф у памеры 2000 злотых (каля 630 даляраў ЗША). Яму забаронена мець жывёлаў на працягу 10 гадоў. Мікіта Валадзько асуджаны да 1 года 2 месяцаў зьняволеньня. Яму таксама забаронена мець жывёлаў на працягу 10 гадоў.

Пасьля абвяшчэньня прысуду судзьдзя раённага суду Асьвенціма яшчэ каля 30 хвілін тлумачыла сваё рашэньне па кожным з абвінавачаных.

«Людзі прыходзяць туды, каб аплакваць сьмерць сваіх блізкіх, сьмерць у страшных муках. І ёсьць група маладых людзей, якія хочуць самасьцьвердзіцца… Як можна пратэставаць супраць гвалту, ужываючы гвалт? Гэта супярэчыць усяму… Адам Бяляцкі і Мікіта Валадзько, вы дастаткова маладыя людзі, маеце крыху больш за 20 гадоў. Але вы ведаеце, што робіце. Я хачу задаць вам пытаньне, на якое не чакаю адказу, — ці зрабілі б вы тое самае ў якім-небудзь іншым месцы? Ці зрабілі б гэта ў месцы, дзе пахаваныя вашы продкі? Думаю, што не».

Рашэньне прысудзіць Бяляцкаму і Валадзько тэрміны, амаль удвая меншыя за тыя, якіх патрабаваў пракурор, яна патлумачыла маладосьцю абвінавачаных і тым, што яны ўпершыню трапляюць за краты.

Разам з тым судзьдзя адзначыла непрымальныя паводзіны Адама Бяляцкага на працэсе і тое, што ён нанёс ягняці 15 удараў — гэта ніяк ня сьведчыць пра жаданьне пазбавіць яго пакутаў, пра што Бяляцкі заяўляў падчас разгляду справы.

На абвяшчэньне прысуду прыйшлі толькі чацьвёра з 12 абвінавачаных пэрформэраў.

Адам Бяляцкі, фота Уладзя Грыдзіна

У тым ліку Адам Бяляцкі (ён адзіны меў дадзенага дзяржавай адваката) і Мікіта Валадзько. Бяляцкі пасьля прысуду катэгарычна адмовіўся размаўляць зь беларускімі СМІ. Падчас агучваньня рашэньня суду ён усьміхаўся.

«Гэта нейкая ганьба. Артыстаў нельга караць за твор мастацтва, — сказаў Мікіта Валадзько Свабодзе адразу пасьля абвяшчэньня прысуду.

— Нічога там не адбылося такога, за што можна караць. Ніхто нікога не абразіў. Усё, што яны кажуць, гэта не даказана. Забойства жывёлы, так. Але гэта жывёла, яе можна забіваць… Што я буду зараз рабіць? Ня ведаю пакуль. Адваката трэба наймаць, я не хачу ў турму».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру