Афіцыйны Мінск імкнецца замацаваць і развіць свой адзіны на гэты момант замежнапалітычны актыў — статус перамоўнай пляцоўкі. Пасля поспеху, звязанага з мінскімі перамовамі па вайне на Данбасе, беларускія ўлады прыступілі да раскруткі ідэі арганізацыі глабальных перамоў па новай архітэктуры рэгіянальнай, ці нават шырэй — глабальнай, бяспекі («Хельсінкі-2», «Мінскі працэс»).

Неабходнасць новай сістэмы міжнароднай бяспекі відавочная. І Беларусь, пазбаўленая знешніх гарантый бяспекі, зацікаўлена ў станаўленні такой сістэмы. А Мінскія пагадненні па Данбасе як бы ствараюць перадумовы для таго, каб менавіта беларуская пляцоўка была абраная ў якасці перамоўнай. Але ёсць шмат «але».

Правядзенне падобнага мерапрыемства — відавочны прывілей. І здольны памножыць сімвалічны капітал краіны-гаспадыні. А значыць, з'яўляецца своеасаблівым падарункам ад краін-удзельніц перамоваў. Для атрымання якога варта было б мець роўныя і партнёрскія адносіны з асноўнымі ўдзельнікамі перамоў. Перспектывы палітычных адносінаў Беларусі з краінамі Захаду дагэтуль знаходзяцца ў няпэўным стане. А з Украінай і Расеяй — пагаршаюцца.

Краіна-гаспадыня павінна валодаць адпаведнай рэпутацыяй, г.зн. быць аўтарытэтным і паважаным членам міжнароднай супольнасці, прытрымлівацца самых высокіх прынцыпаў у знешняй і ўнутранай палітыцы. Рэпутацыя Беларусі, на жаль, - недэмакратычны рэпрэсіўны рэжым, малапрадказальны, які ігнаруе прынятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы. Адзін факт наяўнасці спецдакладчыка ААН па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ставіць пад пытанне дарэчнасць амбіцый афіцыйнага Мінска выступіць арганізатарам распрацоўкі новага міжнароднага парадку.

Прымаючы бок павінен выконваць нейтралітэт у супрацьстаянні як дэ-юрэ, так і дэ-факта. Беларусь — саюзніца аднаго з бакоў канфлікту. Непаслядоўная, своеасаблівая — але саюзніца. Прычым афіцыйны Мінск на ўзроўні рыторыкі пры кожным зручным выпадку заяўляе аб прыхільнасці беларуска-расійскага саюза, асабліва ў ваеннай сферы.

Краіна-гаспадыня павінна валодаць належным узроўнем даверу асноўных удзельнікаў перамоваў. Беларусь усё часцей чуе абвінавачванні з боку Масквы ў фактычнай здрадзе Расіі. А з боку Украіны пасля кожнага антыўкраінскага галасавання беларускіх дыпламатаў у ААН раздаюцца ўсё больш жорсткія характарыстыкі на адрас афіцыйнага Мінска.

Урэшце, усе бакі супрацьстаяння павінны выказваць зацікаўленасць (магчыма, вымушана) дасягненнем дамоўленасцей. Ні Украіна, ні Захад не маюць намеру дамаўляцца з Расеяй на расейскіх умовах. У адрозненне ад 70-х гадоў мінулага стагоддзя, Масква не валодае ні вагой, ні ўплывам, ні патэнцыялам СССР. І з'яўляецца, па сутнасці, дэградуючай рэгіянальнай дзяржавай, якая спрабуе праводзіць палітыку звышдзяржавы. Узмацненне жорсткасці амерыканскіх санкцый супраць Расіі з'яўляецца цалкам выразным маркерам стратэгіі Вашынгтона, накіраванай на ізаляцыю і «задушэнне» Расеі. Еўрапейцам, магчыма, амерыканская пазіцыя і не падабаецца. Але прыярытэтам палітыкі краін ЕС і НАТА застаецца падтрыманне салідарнасці ўнутры саюзаў і ўмацаванне трансатлантычнага партнёрства. Ні адна еўрапейская сталіца не дэманструе сур'ёзнага сумневу ў амерыканскай палітыцы ў адносінах да Расіі.

Асобна трэба вылучыць правакацыйныя ўкіды аб падрыхтоўцы Расіяй анексіі / акупацыі Беларусі. З аднаго боку, падобныя фантазіі распаўсюджваюцца з адабрэння беларускіх уладаў, якія імкнуцца паставіць Захад перад выбарам: «Не хочаце размаўляць з Лукашэнкам, будзеце размаўляць з Пуціным». З другога — інсінуацыі аб расейскай акупацыі Беларусі з дня на дзень прасоўваюцца палітычнымі коламі суседніх краін. Якія такім чынам спадзяюцца падкрэсліць важнасць уласных краін для бяспекі Захаду. Але ў выніку Беларусь успрымаецца знешнімі гульцамі як уразлівая, няўстойлівая і несамастойная краіна. Якая не валодае палітычнай суб'ектнасцю, але выступае ў ролі проксі мацнейшага гульца. У дадзеным выпадку — Расіі.

У Мінску не разумеюць глыбіню недаверу і неразумення паміж заходнімі краінамі і Расіяй. Нездаровую актыўнасць беларускіх уладаў па прасоўванні ідэі «Мінскага працэсу» як мінімум у Кіеве і ў Вільні разглядаюць як дзеянні ў інтарэсах Расіі. Вынікам пагадненняў у Хельсінкі стала замацаванне зоны ўплыву і тэрытарыяльных набыткаў СССР падчас Другой сусветнай вайны. А таму і «Мінскі працэс» успрымаецца як спроба новага падзелу кантынента і замацавання за Расіяй непасрэдных (Крым) і ўскосных (Прыднястроўе, Данбас, Абхазія, Паўднёвая Асеція) тэрытарыяльных набыткаў. Ідэя анексіі адной краінай часткі тэрыторыі другой краіны абсалютна непрымальная для заходніх элітаў. Пра што неаднаразова і адкрыта заяўлялася. Але чамусьці ў Мінску гэтага не чуюць.

Чым далей беларускія ўлады прасоўваюць (адкрыта ці апасродкавана) ідэю «Мінскага працэсу», тым менш палітычнай адэкватнасці яны дэманструюць. І толькі падсілкоўваюць падазрэнні ў гульні на карысць Москвы.

На жаль, агульная сітуацыя ў рэгіёне не пакідае надзеі на хуткую разрадку і магчымасць урэгулявання супярэчнасцяў палітычнымі сродкамі. Ніхто не гатовы ісці на саступкі. А само супрацьстаянне набывае ярка выражанае ідэалагічнае, каштоўнаснае адценне па меры таго, як у Расіі звужаецца поле свабоды і множацца «духоўныя скрэпы». Бягучы канфлікт, безумоўна, будзе вырашаны. Але здарыцца гэта, па-першае, не хутка. А па-другое, праз пройгрыш Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?