Ліст быў адпраўлены з электроннай пошты [email protected] і падпісаны «Пресс-служба МО». Ён не мае сыходнага нумару, подпісу службовай асобы і пячаткі.

Прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая пацвердзіла карэспандэнту «Нашай Нівы», што адпраўляла адпаведны ліст у Рэдакцыю. Яна ўдакладніла, што ў ім прыводзіцца «афіцыйная пазіцыя прэс-службы Міністэрства адукацыі».

Міністр адукацыі — Ігар Карпенка. Раней ён быў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама па ідэалогіі і старшынёй Камуністычнай партыі.

Міністр адукацыі — Ігар Карпенка. Раней ён быў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама па ідэалогіі і старшынёй Камуністычнай партыі.

Людміла Высоцкая перайшла ў міністэрства ўслед за Карпенкам. Яна загадвала сектарам па працы са СМІ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі. 

Людміла Высоцкая перайшла ў міністэрства ўслед за Карпенкам. Яна загадвала сектарам па працы са СМІ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі. 

Прыводзім тэкст ліста ў перакладзе на беларускую мову:

«5 студзеня сайт NN.by размясціў матэрыял «Настаўніца рускай мовы накіравала адкрыты ліст міністру адукацыі», у якім эмацыйна крытыкуецца школьная праграма па беларускай літаратуры.

Акрамя агульных разваг на тэму нацыяналізму і нацыябудаўніцтва, у рэзалютыўнай частцы ліста прапануюцца нейкія «востра неабходныя меры» ў колькасці шасці. Напрыклад, апошнім пунктам у праграму па беларускай літаратуры прапануецца ўключыць наступных аўтараў: Адама Бабарэку, Алеся Дудара, Уладзіміра Жылку, Тодара Кляшторнага, Юлія Таўбіна.

Асобныя прадстаўнікі гэтага спісу, названыя «бліскучымі беларускімі паэтамі еўрапейскага ўзроўню», выклікаюць некаторыя пытанні.

У прыватнасці, у прапанаванага да ўключэння ў праграму паэта Т. Кляшторнага верш «Пі, цыганка» (фрагмент паэмы «Калі асядае муць», 1928 г.), па форме мае лагерную (блатную) накіраванасць:

— Не зважай, любімы, чарнавокі,
Хай рыхтуюць молайцу пятлю…
Ходзім мы пад месяцам высокім,
А яшчэ — пад ДПУ.
— Так, цыганка,
Шкадаваць аб некім,
Так!
За пятак зарэзаў чалавека,
За пятак…
Пазаўчора маці каля будкі
З залатым Ісусам на грудзёх
Адвяла сястру у прастытуткі…
…жыцьцё!..
Падымайце куфлі за гарэзы
I за новы труп…
Сёньня маці родную зарэжу
I сястру… (фрагмент)

Можна, вядома, палічыць выбар гэтага верша тэндэнцыйным з нашага боку, аднак радок «ходзім мы пад ДПУ», вырваны з кантэксту, у 2017 годзе цытаваўся практычна на ўсіх апазіцыйных сайтах як «самы вядомы радок з ягонай паэзіі» разам з абавязковай прыпіскай аб тым, што «за паэтам сачыла НКУС».

У той жа час поўная версія верша кажа пра тое, што большая частка тых, хто піша ў інтэрнэце пра беларускую літаратуру, не мае пра яе ўяўлення.

З пункту гледжання настаўніка адзначым, што дзіцяці вельмі складана растлумачыць выраз «хадзіць пад ДПУ» — для гэтага, верагодна, прыйдзецца выкарыстаць аналагічнае дэкласаванае арго «хадзіць пад мянтамі», што недапушчальна ў навучальным працэсе. Мы таксама ўпэўненыя, што метады і прынцыпы аператыўна-вышуковай дзейнасці варта вывучаць у спецыялізаваных навучальных установах, а не ў сярэдніх школах, а падобную літаратурную спадчыну — самастойна, а не па патрабаванні школьнай праграмы.

Што да іншых персаналій, згаданых у матэрыяле — А. Бабарэкі, А. Дудара, У. Жылкі, Ю. Таўбіна, А. Мрыя, — то ўсе яны былі асуджаныя ў 1933—1938 гадах, пра што аўтар, мабыць, свядома замоўчвае ў публікацыі.

Такая выбіральнасць у густах выглядае двухсэнсоўна. Характэрна, што да стагоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў апазіцыйнай прэсе актыўна культываваўся міф аб нейкай «расстралянай», «забароненай бальшавікамі», «ліквідаванай камуністамі» і г.д. беларускай літаратуры — працягам гэтай інфармацыйнай кампаніі, відавочна, і з'яўляецца адкрыты ліст да міністра адукацыі.

Хочацца нагадаць, што абсалютная большасць літаратараў тых гадоў уваходзіла ў ВКП(б) і з'яўлялася камуністамі па поглядах, што ігнаруецца пры напісанні нейкіх сенсацыйных артыкулаў пра іх жа. У той жа час шэраг беларускіх паэтаў, празаікаў і журналістаў былі забітыя на франтах Вялікай Айчыннай вайны або пакараныя органамі СД і гестапа, памерлі ад голаду ці ў канцэнтрацыйных лагерах у перыяд нямецкай акупацыі. Аднак іх асабістыя трагедыі практычна не выклікаюць цікавасці ў апазіцыйных колаў і сайтаў, што кажа аб пэўнай тэндэнцыйнасці.

Таму ўяўляецца, што паказаная падборка аўтараў, прапанаваных да ўключэння ў праграму, фармавалася не на падставе нейкіх літаратурных густаў, а, хутчэй, у піку палітычным поглядам міністра адукацыі, а таму носіць асобаснае адценне.

Што ж тычыцца публічнага абмеркавання значнасці тых ці іншых твораў, то практыка ўручэння т.зв. незалежных літаратурных прэмій, прызавы фонд якіх складаецца з замежных валютных сродкаў, паказвае, што ні адно штогадовае ўзнагароджанне не абыходзіцца без вострай палемікі ў апазіцыйнай прэсе і ўзаемных абраз у сацыяльных сетках. Нам уяўляецца, што апазіцыйная супольнасць практычна не здольна прыйсці да кансэнсусу, незалежна ад прадмета абмеркавання, а таму любая ацэнка школьнай праграмы нейкімі «экспертамі» ператворыцца ў яшчэ адно пакутлівае калектыўнае літаратурнае піяр-мерапрыемства.

Адзначым таксама, што палеміка аб адукацыі ў апазіцыйных СМІ з году ў год абмяжоўваецца зменай праграмы па літаратуры і пашырэннем сферы ўжывання беларускай мовы.

Дзве гэтыя дзяжурныя тэмы дэманструюць, па-першае, што людзі, якія абмяркоўваюць адукацыю, ад актуальных праблем адукацыі вельмі далёкія; па-другое, у наяўнасці нізкі парог уваходжання ў спрэчку — для таго, каб абмяркоўваць, «пахне чабор» альбо «не пахне», не патрабуецца ніякіх дадатковых ведаў і падрыхтоўкі. (Дарэчы, паведамляем паважанай Г. Севярынец, што яе інфармацыя не дакладная, гэты верш П. Броўкі са школьнай праграмы не выключаўся).

Наша здзіўленне выклікае і заклік Г. Севярынец вывучаць польскую і ўкраінскую мовы (а чаму не латышскую і літоўскую?), бо гэта «мовы суседзяў», неабходныя для «інтэграцыі ў агульнаеўрапейскую прастору». Калі настаўнік не разумее, што руская мова вывучаецца не як мова суседняй дзяржавы, а як другая дзяржаўная, то гэта досыць яскрава сведчыць аб яго кампетэнтнасці (у тэксце Ганны Севярынец гаворка вядзецца пра польскую і ўкраінскую літаратуру, а не мову — Рэд.).

Хочацца таксама нагадаць, што рэпрэсіям 1937—1938 гг., пра якія да месца і не да месца ўспамінаюць апазіцыйныя сайты, папярэднічала шматгадовая актыўная практыка напісання калектыўных даносаў, якіх асобныя беларускія літаратары тых гадоў склалі не менш, чым мастацкіх твораў.

На жаль, творчыя колы таго часу, як і асобныя прадстаўнікі цяперашняй інтэлігенцыі, мелі некаторыя праблемы з карпаратыўнай этыкай і вырашалі свае мастацкія спрэчкі з дапамогай апеляцый да партыйных і нават сілавых структураў. Менавіта падобныя даносы (часцяком у форме выкрывальнага артыкула ў прэсе) і станавіліся пасля доказнай базай для сфабрыкаваных абвінавачванняў пры парушэнні законнасці ў следчай працы.

Таму рэкамендуем не паўтараць памылак папярэднікаў і не вызначаць літаратурную каштоўнасць тых ці іншых твораў праз ціск і напісанне адкрытых лістоў ні многа ні мала — ад імя «краіны, народа, вучняў і настаўнікаў». Рэальна гэтыя лісты не адлюстроўваюць нічога, акрамя пераацэнкі аўтарам уласнай значнасці».

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0