Аляксей Навумаў на ўваходзе ў Маяцкую сярэднюю школу.

Аляксей Навумаў на ўваходзе ў Маяцкую сярэднюю школу.

Школа

Кожны будзень Аляксей прыязджае ў Маяк з суседняй вёскі Грэск, за 10 кіламетраў. Яго бацькі пераехалі ў Беларусь з Пермі, калі хлопцу было 6 год: сваякі казалі, што жывецца тут лепш, чым у Расіі. У выніку маці знайшла сябе ў швейнай справе, а тата ўладкаваўся рабочым.

Што тычыцца будучыні Аляксея, то бацькі марылі, каб пасля школы ён паступіў на факультэт замежных моў. Але хлопец надта любіў спорт і не змог прамяняць яго на статычны штурм кніжак.

«Мяне і ў музычную школу запісалі, але я ўсё адно, памятаю, прагульваў там заняткі і замест іх ішоў на фізкультуру», — прыгадвае Аляксей.

Больш за ўсё ён каціраваў гандбол і настольны тэніс. Бацькі, канечне, расстройваліся праз такія прыярытэты сына, але калі ён са сваім срэбным медалём вырашыў паступаць у Акадэмію фізвыхавання і спорту, то пярэчыць не сталі.

Тэнісныя сталы ёсць у школе на кожным паверсе. Тры разы на тыдзень Аляксей вучыць дзяцей і ўсіх ахвотных гэтай гульні, што дае свой плён: Маяцкая школа ў лідарах у гэтым спорце.

Тэнісныя сталы ёсць у школе на кожным паверсе. Тры разы на тыдзень Аляксей вучыць дзяцей і ўсіх ахвотных гэтай гульні, што дае свой плён: Маяцкая школа ў лідарах у гэтым спорце.

На апошнім курсе Аляксей ажаніўся: пазнаёміліся з будучай жонкай на вяселлі сяброў, абое былі сведкамі. Ужо разам з каханай яны вярнуліся ў Слуцкі раён па месцы размеркавання мужа. Сёння выхоўваюць дваіх дзяцей: дзяўчына вучыцца на геафаку БДУ, але марыць стаць міліцыянтам, а малодшы сын ходзіць у школу ў Грэску.

«Калі я прыйшоў у маяцкую школу настаўнікам фізкультуры, яна па спартыўных паказчыках займала 17-е месца сярод усіх 23 школ раёна. І першае, чым я заняўся, каб палепшыць сітуацыю, — гэта дысцыплінай. Дысцыпліна — самае галоўнае ў спорце», — лічыць Аляксей.

Міліцыя

Час ішоў, нарадзіўся першынец. Каб у сям'і было больш магчымасцяў, Аляксей надумаў змяніць месца жыхарства і пераехаць у горад: для гэтага вырашыў змяніць сферу дзейнасці. Абраў міліцыю, бо, як вядома, супрацоўнікі гэтай структуры маюць пэўныя льготы.

Скончыў трохмесячныя курсы перападрыхтоўкі пры Дэпартаменце аховы МУС Беларусі. Пасля іх дзяжурыў на начных дыскатэках у Мінску, два гады адпрацаваў у слуцкай Інспекцыі па справах непаўналетніх, пазней перавёўся ва ўчастковыя.

Аляксей у працоўным кабінеце.

Аляксей у працоўным кабінеце.

«Я стараўся бачыць у сваёй прафесіі выключна плюсы: змаганне са злачынцамі, дапамога людзям. Ад гэтага атрымліваў сапраўднае задавальненне. Але хапала і стрэсавых сітуацый: аднойчы за суткі даставіў у аддзяленне 9 трупаў. Гэта сёння мёртвых развозіць машына хуткай дапамогі, раней жа ўсіх шыбенікаў, ахвяр ДТЗ ці пагарэльцаў са сваёй тэрыторыі дастаўляў участковы», — расказвае спадар Навумаў.

Адной з самых страшных спраў з практыкі Аляксей называе забойства адзінокай жанчыны ў Грэску, раскрыць яго не ўдалося да гэтага часу: «Пасля таго выпадку правяралі ўсіх раней судзімых і затрыманых у раёне. А мне ўласнаручна прыйшлося праводзіць дактыласкапію большасці навучэнцаў Грэскай школы». Часцей жа за ўсё прыходзілася ўціхамірваць удзельнікаў сямейных канфліктаў і алкаголікаў. Праўда, мужчына ўпэўнены, што ў сямейных праблемах чалавек з боку — не памочнік. «Але калі справа набывае небяспечныя рысы, то мы заўсёды на баку маці. Калі яна ратуе дзяцей і сябе, ніякай так званай мужчынскай салідарнасці быць не можа», — дадае Аляксей.

Пасля сямі гадоў працы ўчастковым месца жыхарства ўсё ж змяніць не атрымалася. Памяняць жа сферу дзейнасці прыйшлося нечакана: Аляксей перанёс інсульт і аперацыю, што не дазволіла далей працаваць у міліцыі. Таму ён зноў вярнуўся ў школу.

І зноў школа

Будынак маяцкай школы, якой ён сёння кіруе — самы новы ў раёне (1991 года пабудовы), але дзяцей тут вучыцца няшмат: усяго 87. Дзесяцікласнікаў у гэтым годзе ўвогуле няма: школьнікі вучацца не найлепшым чынам (сярэдні бал атэстатаў не дасягае і 6 балаў), а існуе ўстаноўка — не самых моцных дзяцей пасля 9 класаў накіроўваць у тэхнікумы і каледжы. Тых, што стаяць на ўліку, дырэктар наведвае персанальна і верыць: калі з іх і не вырастуць навукоўцы ці настаўнікі, то хаця б атрымаюцца добрыя людзі.

Расклад заняткаў.

Расклад заняткаў.

Школа хоць і лічыцца беларускамоўнай, але па-беларуску тут размаўляюць толькі падчас заняткаў, і тое не на ўсіх. Сітуацыя крыху лепшае на традыцыйных днях роднай мовы і тыднях, прысвечаных пэўным пісьменнікам-суайчыннікам.

Пра тое, што іх сённяшні дырэктар — былы ўчастковы, капітан міліцыі, ведае амаль кожны. Пры гэтым дзеці на калідорах адзначаюць, што гэта не перашкаджае Аляксею Уладзіміравічу быць нават дабрэйшым, чым мінулы кіраўнік школы. Сам ён імкнецца быць на адной хвалі з вучнямі, што пацвярджае, напрыклад, песня «Тае лёд», якая гучыць на рынгтоне, калі да яго датэлефаноўваюцца па чарговым працоўным пытанні.

Пры гэтым ён строга, кожную раніцу, правярае хатняе заданне ў кожнага, хто правінаваціўся (калі не падрыхтаваўся — будзь гатовы адціскацца ад падлогі), а ў кабінеце мае алкатэстар, якім абавязкова выпрабоўваюць качагара і кіроўцу школьнага аўтобуса.

Зусім не вітае Аляксей і курэнне. Адбіваецца прыхільнасць да здаровага ладу жыцця: паралельна з дырэктарствам мужчына працягвае выкладаць фізкультуру. Праўда, прызнаецца, што такое спалучэнне — не найлепшы варыянт: «Заўсёды нехта патэлефануе, кудысьці выклікае і адарве: то з сельсавета, то з райвыканкама, то загадчык гаспадаркі — цяжка канцэнтравацца на нечым адным… Вось сёння, напрыклад, не завёўся аўтобус, які мы ў снежні набылі, каб вазіць дзяцей з іншых вёсак — таксама мне разбірацца».

Другі «кабінет» дырэктара. Летам ён разам з калегамі самастойна перафарбаваў спартыўную залу.

Другі «кабінет» дырэктара. Летам ён разам з калегамі самастойна перафарбаваў спартыўную залу.

А вось у спорце маяцкая школа з прыходам Аляксея Навумава падцягнулася: з 17-га месца — на 2-е. Асабліва добра справы прасоўваюцца ў настольным тэнісе, які сам дырэктар выкладае тры разы на тыдзень. «Гурткі і пазакласная дзейнасць — гэта тое, на чым школа магла б зарабляць дадатковыя грошы, што ад нас і патрабуюць, але я разумею, што выключна на платныя гурткі ніхто б зусім не хадзіў. Гэта як з басейнам: як толькі мы збіраемся ехаць у той, дзе няма льгот, адразу адпадае частка дзяцей, бацькі якіх не могуць сабе гэта дазволіць», — уздыхае Аляксей.

Супрацоўнікі школы чарговы раз адзначаюць, што было б нядрэнна, каб ім дазволілі займацца іх прамымі абавязкамі, а не бясконцымі справаздачамі для аддзелаў адукацыі ўсіх узроўняў.

Сам Аляксей, параўноўваючы сваю мінулую і цяперашнюю працы, адзначае, што ў міліцыі было куды менш кантролю, а адказнасць — празрыстая: ты адказваеш выключна за свой участак. На пасадзе ж дырэктара кожны дзень прыходзіцца сутыкацца з усё новымі абавязкамі, а ў якасці органаў кантролю выступаюць і аддзел ідэалогіі, і санстанцыя, і ўпраўленне адукацыі, і самі бацькі з дзецьмі…

Пры гэтым заробак у дырэктара куды меншы, чым за час службы ў міліцыі ці нават працы фізруком — каля 800 рублёў за выкананне абавязкаў кіраўніка школы і настаўніка.

Аляксей марыць хутчэй абнавіць школьны камп’ютарны клас, у якім з сямі машын сёння частка можа зусім не ўключыцца. А яшчэ набыць праектар, каб настаўнікі мелі магчымасць праводзіць заняткі з выкарыстаннем відэа і прэзентацый.

«Некаторыя дырэктары ў першую чаргу робяць рамонт у сваім кабінеце, а я не разумею такі падыход. У мяне тут і столь, залітая дажджом, і камп’ютара працоўнага няма, але свае праблемы я вырашу ў апошнюю чаргу. Зразумела, што ў краіне няпростая сітуацыя. Але ўсё роўна трэба, каб у дзяцей было максімум магчымасцяў для развіцця»,

— падсумоўвае дырэктар. І для яго гэта чарговы выклік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?