Новы фільм, які стаў даступны ў Менску на ДВД, рэцэнзуе ў сваім блогу Андрэй Расінскі.
У задрыпаным нью-ёрскім гатэлі пры загадкавых абставінах юрліўцам адкусваюць геніталіі. Паліцэйскі Люіджы Макароні, які вядзе вышук і сам ледзьве пазьбегнуў атакі, упэўнены, што злачынствы зьдзяйсьняюць зубастыя прэзэрватывы, якія нападаюць на кліентаў у сама адказны момант. Але герою, закаханаму ў маладзенькага прастытута, не даюць рады. І толькі, калі мужчынскія калецтвы набываюць характар гарадзкой эпідэміі, а галоўны кандыдат у прэзыдэнты залішаецца дзетароднага органа, на мужнага паліцэйскага ўскладаюць усе надзеі.
Хуліганская і гратэскна-іранічная нямецкая карціна зь вясёлымі цытатамі з «Псыхозу», «Сківіцаў» і «Хроснага бацькі». Пэрсанажы клясычных дэтэктываў і вусьцішнае фантастыкі – атабарыліся ў малімонным гей-клюбе Ральфа Кёніга.
Цяпер суворы паліцэйскі ў плашчы, зь нязьменнаю цыгарэтай і з унутраным маналёгам пра маральнае разлажэньне (!) – палюе за кандомам і ловіць зьвяругу «на жыўца», рэлігійная фанатычка з дапамогай гумавых вырабаў набліжае канец сьвету, а шальны прафэсар гадуе пэнісаадкусвальнікаў.
Зубастых пачвараў зрабіў аўтар гнюсных авангардова-нэкрафілічных стужак Ёрг Бутгерайт, а творчым кансультантам на трэшавае карціне выступіў тата Чужых Ганс Рудзі Гайгер. Але галоўная эмоцыя стужкі – ня жах, а сьмех, пазбаўлены ўсялякай карэктнасьці.