З 1 лютага ў Мінску зноў пачнуць выдаваць усе віды амерыканскіх віз, у тым ліку турыстычныя (B1, B2). Аднак міграцыйныя візы пакуль выдавацца не будуць.
Пра гэта заявіў 30 студзеня на брыфінгу ў Пасольстве ЗША часовы павераны ў справах Злучаных Штатаў у Беларусі Роберт Райлі.
Падаваць на візу змогуць толькі рэзідэнты Беларусі, паколькі рэсурсы дыпламатычнага прадстаўніцтва застаюцца абмежаванымі, то заяўкі ад нерэзідэнтаў Беларусі прымацца не будуць.
Кошт візы роўны 160 далярам і яе можна будзе атрымаць на наступны пасля падачы дзень, дадаў дыпламат.
«Гэта ілюзія, што атрымаць амерыканскую візу цяжка: не трэба дэманстраваць нам банкаўскія рахункі, дастаткова толькі даказаць сувязь з Беларуссю. Наш інтарэс у тым, каб зменшыць колькасць адмоваў, каб кожны заяўнік меў магчымасць пабываць і паглядзець на ЗША», — падсумавалі ў прадстаўніцтве амерыканскага пасольства.
Па словах сп. Райлі, цягам 2017 года ў Мінску было выдадзена каля 8 тысяч віз: гэта пасля папярэдняга паслаблення, калі 1 лістапада парог быў зніжаны з 70 да 50 гадоў.
***
Нагадаем, што ў сакавіку 2008 года пад ціскам беларускіх уладаў быў скарочаны дыпламатычны штат пасольства ЗША з 35 да 5 чалавек. У выніку беларусам, каб атрымаць візу, даводзілася звяртацца ў консульскія аддзелы Злучаных Штатаў у Маскве, Пецярбургу, Варшаве, Кіеве, Вільні.
Са жніўня 2014 года амерыканскае пасольства ў Мінску аднавіла выдачу візаў некаторым катэгорыям беларускіх грамадзянаў — студэнтам, удзельнікам праграм культурнага абмену, асобам, старэйшым за 70 гадоў, а таксама тым, у каго была віза раней.
З 1 лістапада 2017 года візы ў Мінску сталі выдаваць асобам, старэйшым за 50 гадоў. А з 9 студзеня 2018 г. пасольства прымала заявы ад рэзідэнтаў Беларусі на візы наступных катэгорый: A, C1/D, G, F, H, I, J, L, M, O, P і R.