Фэст стане яшчэ больш маштабным, чым мінулагоднім траўнем і будзе доўжыцца ўжо тры дні. Свята дуды пройдзе пад міжнародны акампаніямент запрошаных гасцей з розных дударскіх рэгіёнаў Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Шатландыі, Латвіі, Бельгіі, Сербіі і Харватыі.

 

Назва фестывалю ўзятая з верша Янкі Купалы:

Важна рэй Ігнат Буйніцкі
У танцах нашых водзіць,
Аж здаецца — усё чыста
Хадыром з ім ходзіць…
Пад дуду і пад цымбалы
Топне, прыспявае…
Сцеражыцеся, ўсе людзі:
Беларус гуляе!

Верш Янкі Купалы прысвечаны Ігнату Буйнікаму, заснавальніку першай беларускай тэатральнай групы з Глыбоччыны, у складзе якой быў між іншым дудар — Адам Шульга.

Дарэчы падчас фэсту плануецца ўшанаванне памяці Ігната Буйніцкага і Адама Шульгі як у Глыбокім, падчас адкрыцця фэсту на Алеі славутых землякоў так і на малой радзіме — у вёсцы Празарокі.

Падзея адбудзецца ў межах больш маштабнай працы па адраджэнні дуды ў адным з найбольш дударскіх рэгіёнаў Беларусі і Паазер’я. Запланаваныя шматлікія канцэрты, парады, выставы і іншыя мерапрыемствы падчас якіх рэй будзе весці менавіта беларуская дуда.

Ініцыятарам правядзення такога фэсту стаўся Віталь Воранаў, беларускі перакладчык, літаратар, выдавец, які жыве ў Польшчы. Праўда, Віталь не забывае Глыбоччыну, у летні перыяд стала пражывае ў дзедавай хаце ў в. Удзела пад Глыбокім. А райвыканкам падтрымаў ініцыятыву сп. Воранава не толькі словам, але і справай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?