Сярод кандыдатаў у дэпутаты Мінгарсавета ёсць 37-гадовы тэлевядучы АНТ Яўген Лашкоўскі. Ён балатуецца па Шугаеўскай акрузе №53.

Яўген Лашкоўскі, фота ont.by

Яўген Лашкоўскі, фота ont.by

Найімаверны «пераможца» ў гэтай акрузе — дырэктарка 45-й школы Ірына Зубрыцкая. Звычайна людзей на такіх пасадах «просяць» стаць дэпутатамі, і механізм працуе бездакорна.

Чытайце таксама: 57 кандыдатаў, якія будуць абраныя ў Мінгарсавет — праверце спіс пасля выбараў ПРАГНОЗ «НН»

«Наша Ніва» распытала Лашкоўскага, навошта ён спрабуе трапіць у дэпутаты. 

«Я вырашыў балатавацца толькі таму, што вырас у гэтым раёне, больш за тое — менавіта ў гэтай акрузе. І я ведаю, чым жыве раён. Я, калі быў маленькім, часта хварэў і ледзь не жыў у 11-й паліклініцы. Я перанёс інфекцыйны монануклеоз пасля і ў 8-й паліклініцы. Я ведаю, што і як знутры ў ахове здароўя. У мяне таксама пажылыя бацькі, і ў іх процьма сацыяльных праблем», — акрэсліў Лашкоўскі першую прычыну балатавання. 

«Я вучыўся ў 190-й школе. Часта кажуць: прыходзьце ў школу — яна ваш родны дом. У маім выпадку гэта не пафас. Мы, калі бачымся з настаўнікамі, абдымаемся і сентыментальныя слёзы на вачах. Я і падпрацоўваў там, калі ўжо вучыўся ва ўніверсітэце. А што я адчуў, калі да мяне падышоў настаўнік музыкі і сказаў: «Жэня, так патрэбныя струны для цымбалаў, дапамажы»! — працягвае тэлевядучы. — У маёй акрузе жыве большасць маіх аднакласнікаў. Разумееце, гэта ўсё роднае».

Мы пацікавіліся ў Лашкоўскага, ці ўзяў ён пад увагу досвед свайго калегі па АНТ Аляксея Міхальчанкі, які не меў шанцаў на парламенцкіх выбарах — 2012, бо на ягонай акрузе ўжо быў відавочны кандыдат ад улады — Наталля Гуйвік.

Чытайце таксама: Як ёсць, так ёсць: каб пракінуць Міхальчанку, амаль 5 тысяч чалавек «прагаласавалі на даму»

«Мяне не палохае вопыт Лёшы, — сказаў Лашкоўскі. — І перш за ўсё таму, што ён ішоў у дэпутаты парламента, а я — у мясцовыя саветы. Гэта розныя рэчы. Я ўпэўнены, што змагу дапамагчы людзям. У любым выпадку — усё вырашыць іх выбар».

Ці верыць вядучы ў сумленны падлік галасоў? 

«А чаго не верыць? Я амаль на ўсіх выбарах галасаваў. І на мясцовых, і ў парламент, і прэзідэнта. Былі толькі выключэнні, калі працаваў. У цэлым я задаволены», — падсумаваў ён. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?