Верхняя палата польскага парламента ўхваліла закон аб крымінальнай адказнасці за выказванні пра нацысцкія лагеры смерці як пра «польскія» і за адмаўленне злачынстваў «бандэрызму», паведамляе Радыё Свабода.

У ноч на чацвер, 1 лютага, у польскім Сенаце адбылося галасаванне за змены ў закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці, якімі ўводзіцца крымінальная адказнасць за адмаўленьне злачынстваў «украінскіх нацыяналістаў», а таксама за прыпісваньне польскаму народу нацысцкіх злачынстваў.

57 з 82 прысутных у Сенаце дэпутатаў прагаласавалі за ўнясенне зменаў у адпаведны закон. 23 дэпутаты-апазіцыянеры выказаліся супраць, адзін устрымаўся. Каб закон уступіў у сілу, яго яшчэ павінен падпісаць прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

26 студзеня Сейм Польшчы, ніжняя палата парламенту, унёс змены ў закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці, які забараняе прапаганду таталітарных ідэалогій і вызначае злачынным удзел «бандэраўскіх нацыяналістаў» у знішчэнні габрэйскага насельніцтва і генацыдзе грамадзян міжваеннай Польшчы на тэрыторыі Валыні і Галіччыны. Паводле зменаў, парушальнікаў абноўленага закону будуць караць грашовымі штрафамі або зьняволеньнем да трох гадоў.

Міністэрства замежных справаў Украіны ў сваёй заяве называла рашэнне польскага Сейма «чарговай спробай навязаць аднабаковую трактоўку гістарычных падзей».

Акрамя таго, згаданым законапраектам прадугледжаны крымінальны пераслед тых, хто прыпісвае палякам злачынствы нацыстаў, у прыватнасці ўжывае словазлучэньне «польскія лагеры смерці». Гэтая частка зменаў у закон абурыла Ізраіль. Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нэтаньягу назваў закон «неабгрунтаваным», а Сусветны цэнтр памяці ахвяр Халакосту заявіў, што польскія заканадаўчыя змены могуць «прывесці да размывання гістарычнай праўды аб дапамозе, якую немцы атрымалі ад польскага насельніцтва падчас Халакосту».

У Ізраілі ў адказ ухвалілі свой законапраект, які падтрымала большасць дэпутатаў ізраільскага парламенту і які фактычна зробіць незаконнай формай адмаўлення Халакосту польскі законапраект.

Мэта гэтых паправак — не дазволіць змяншаць адказнасць тых, хто дапамагаў нацыстам. Акрамя таго, зменены закон гарантуе юрыдычную дапамогу тым, хто перажыў Халакост і тым, хто займаецца адукацыяй пра лагеры смерці, калі супраць іх за мяжой пададуць судовыя пазовы за ўспаміны з часоў Халакосту.

Паводле закона, прынятага ў Ізраілі ў 1986 годзе, кожны, хто адмаўляе Халакост ці падтрымлівае злачынствы супраць габрэйскага народу, можа атрымаць да пяці гадоў турэмнага зьняволеньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0