Прадметы выяўленчага мастацтва, фатаграфіі, медалі і іншыя каштоўныя рэчы, якія належалі былому лідару камуністычнай Румыніі Нікалаэ Чаўшэску і яго жонцы, прададуць на аўкцыёне пад сімвалічнай назвай «Залатая эпоха».

Як паведамляе «Укрінфарм», аўкцыён, прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння былога камуністычнага дыктатара, арганізаваны Бухарэсцкім гандлёвым домам Artmark, а самі таргі адбудуцца 6 сакавіка.

Сярод выстаўленых на продаж прадметаў — залатая шабля вытворчасці 1971 года, якая была ўручана Чаўшэску прадстаўнікамі Нацыянальнай арміі, футра леапарда, паляўнічы рыштунак, а таксама падарункі, атрыманыя парай Чаўшэску ад лідараў розных дзяржаў, прадметы з крышталю і дарагога фарфору, прапагандысцкія афішы і матэрыялы камуністычных часоў.

На аўкцыён будуць вынесеныя і 250 дзяржаўных узнагарод сацыялістычнай Румыніі, а таксама медалі і ордэны, у тым ліку замежных краін, якімі былі ўзнагароджаны Чаўшэску і яго жонка.

Адным з самых дарагіх лотаў, пачатковы кошт якога складае тысячу еўра, з'яўляецца дыван з выявай Чаўшэску на фоне вядомых у мінулым кіраўнікоў Румыніі — Аляксандру Іён Куза, Улада Цепеша і Штэфана чал Марэ.

Праўленне Чаўшэску было спынена падчас дзяржаўнага перавароту, чыннікам якога сталі хваляванні венграў у Тымішаары, якія пачаліся 16 снежня 1989 года. Чаўшэску ўдалося збегчы са сталіцы, аднак у выніку ён быў захоплены войскам і, разам са сваёй жонкай Аленай, паўстаў перад арганізаваным новымі ўладамі трыбуналам.

На імправізаваным судзе, які доўжыўся крыху больш за гадзіну, яго абвінавацілі ў злачынствах супраць дзяржавы, генацыдзе супраць уласнага народа, адкрыцці таемных рахункаў у замежных банках і «падрыве нацыянальнай эканомікі».

Расстраляны разам з жонкай 25 снежня 1989 года паводле прысуду трыбунала, праз некалькі гадзін пасля судовага пасяджэння. Уся яго маёмасць была канфіскавана. Смерць Чаўшэску стала пачаткам чарады антыкамуністычных рэвалюцыяў ва Усходняй Еўропе і ва ўсім свеце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0