31 студзеня ў многіх расійскіх і украінскіх СМІ з'явілася цытата старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Беларусі Алега Дзвігалёва.
Той заявіў, што вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва з Украінай спыненае, «каб не было лішніх праблем і пытанняў», бо Беларусь з’яўляецца перамоўнай пляцоўкай па ўрэгуляванні канфлікта на усходзе Украіны.
Алег Дзвігалёў
Але ў Дзяржаўным вайскова-прамысловым камітэце Беларусі не разумеюць, адкуль такі ажыятаж вакол пытання. Бо інфармацыя насамрэч зусім не новая.
«Вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва было спынена яшчэ ў 2014 годзе. Продаж тэхнікі ва Украіну спыніўся, як толькі украінскае кіраўніцтва пачало антытэрарыстычную аперацыю», — патлумачылі ў Дзяржваенпраме.
Колькі грошай згубіла праз гэта Беларусь і што канкрэтна пастаўлялі суседзям, у Дзяржваенпраме не паведамілі — гэта інфармацыя для службовага выкарыстання.
Але яшчэ ў 2016 годзе журналісты «Дойчэ вэле» адзначалі, што пастаўкі з Беларусі ва Украіну да пачатку вайны на Данбасе ўключалі ў сябе авіяцыйнае паліва і гаруча-змазачныя матэрыялы, камплектуючыя для аўтатэхнікі, оптыка, сістэмы навядзення ракет. Таксама ў Оршы рамантавалі ўкраінскія верталёты.





