Сёння па-за межамі Беларусі пражывае больш за 3,5 мільёны беларусаў. Тое, што гэта багаты патэнцыял для развіцця нашай краіны — цяпер ужо агульнапрызнаны факт, і адно з яскравых сведчанняў гэтаму — дзяржаўная заклапочанасць азначанай сферай. У 2014 годзе быў прыняты ініцыяваны Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына» Закон Рэспублікі Беларусь № 162-3 «Аб беларусах замежжа». Таксама дзейнічае падпраграма «Беларусы ў свеце» ў рамках дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2016—2020 гады.

Даследчыкі беларускага замежжа адзначаюць шырокую геаграфію беларускай прысутнасці ў свеце і насычанасць беларускага жыцця за мяжой. Яны цешацца з таго, што матэрыялаў для даследчыцкай працы хопіць яшчэ не на адно пакаленне іх наступнікаў. Разам з тым «Бацькаўшчына» пераканалася ў нізкай абазнанасці грамадства і супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў як пра істотны ўнёсак дыяспары ў развіццё беларускай прысутнасці ў розных краінах свету, гэтак і пра дапамогу з яе боку самой Беларусі.

Даць хуткі адказ на пытанне «Што дыяспара робіць для Беларусі?» цяжка яшчэ і таму, што паведамленні пра гэта альбо не трапляюць у СМІ, альбо губляюцца ў плыні навінаў і папросту забываюцца.

Праект ЗБС «Бацькаўшчына» «Дыяспара для Беларусі» мае на мэце запачаткаваць і развіваць адмысловы цэнтралізаваны рэсурс, агрэгатар інфармацыі пра найбольш значныя поспехі беларусаў-замежнікаў якраз у справе дапамогі самой Беларусі, як краіне, так і асобным ініцыятывам, установам і проста людзям.

Інфармацыя, якую мы сабралі і прапануем да Вашай увагі зараз — толькі пачатак для своеасаблівай «энцыклапедыі», бо мы аднавілі далёка не ўсё, што зрабілі для краіны нашыя суродзічы з замежжа. Мы ведаем гэта дакладна! Таму звяртаемся да вас з просьбай распавесці, што вам вядома пра дапамогу Беларусі з боку дыяспары.

«Што дыяспара робіць для Беларусі?» Давайце разам распавядзем пра гэта самім сабе і ўсяму свету!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?