Сон у экіпажы
І бачылася мне, што паўз дарогу вязы
Бягуць, зьмяшаўшыся, як войска ад паразы.
Выбоіны і брук гайдалі на зямлі,
Як вецер штармавы гайдае караблі.
Дахоўкай крытыя пабеленыя хаткі
Званіцы-пастухі ў свае зьбіралі статкі,
І кожны гарадок, і кожнае сяло
За пастухом сваім чародкаю брыло.
І ўсё хісталася: і горы – як прапойцы,
І рэчка, што зьмяёй сьціскала іх у бойцы
Сталёвым абручом… І экіпаж, дзе мне
Ўсё гэта толькі што прымроілася ў сьне.
* * *
Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы і мініятуры. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.