Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі (у цэнтры) з гуртком беларускай моладзі ў Жодзішках, 1925 год.

«Наша Ніва»: Спадару Андрэй, ці маглі б Вы сфармуляваць: у чым галоўная заслуга Гадлеўскага перад Беларуссю і беларусамі?

Андрэй Вашкевіч: Гадлеўскі быў нібыта альтэр эга яшчэ аднаго славутага дзеяча-святара, Адама Станкевіча. Яны разам стваралі Беларускую хрысціянскую дэмакратыю ў 1920-я. А дзякуючы хрысціянскай дэмакратыі беларускі рух стаў масавым і сапраўды народным не толькі ў культурным ці палітычным вымярэнні.

Яны ўзнялі пытанне аб праве маліцца ў святынях на роднай мове. Гадлеўскі, у адрозненні ад многіх іншых, хто пакідаў сабе толькі ролю святара ці культурнага дзеяча, не баяўся быць палітыкам.

«НН»: Станавым хрыбтом нацыянальнага руху пачатку ХХ ст. неяк традыцыйна лічацца сацыялісты, Грамада. Хрысціянскія дэмакраты як бы на другіх ролях.

АВ: Такі стэрэатып быў сфарміраваны савецкім поглядам на гісторыю. Дый тое не ад пачатку. Калі б мы, напрыклад, жылі ў сталінскія часы, мы не маглі б гаварыць ні пра Таварыства беларускай школы, ні пра КПЗБ, ні пра Грамаду. Бо і гэтыя заходнебеларускія арганізацыі былі да 1956-га пад забаронай у савецкай гістарыяграфіі. Пасля пра іх дазволілі пісаць. Што да хадэкаў, хрысціянскіх дэмакратаў, дык рэлігійны аспект лічыўся неактуальным аж да самага канца СССР. Адсюль і такое да іх стаўленне.

* * *

Вінцэнт Гадлеўскі

(16 лістапада 1888, в. Шурычы, Ваўкавыскі павет — снежань 1942, канцлагер Трасцянец) — каталіцкі святар, беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст.

На фота — Гадлеўскі ў 1906 г.

* * *

Між тым, святары адыгрывалі важную ролю ў нацыянальных рухах. Бо мова рэлігіі была вельмі важным складнікам выспявання нацыі — нароўні з магчымасцю карыстацца сваёй мовай у войску, наяўнасцю нацыянальнай буржуазіі і інтэлігенцыі.

Святары часта і выступалі ў ролі нацыянальнай інтэлігенцыі. У БХД было ўсяго некалькі дзясяткаў святароў. І далёка не ўсе наважыліся быць адкрытымі палітыкамі. Але і Фабіян Абрантовіч, і Уладзіслаў Талочка, і Язэп Германовіч, і Казімір Сваяк — усе разам зрабілі важную справу.

У Заходняй Беларусі яны паставілі пытанне пра правы Польшчы на гэтыя землі. Бо галоўным апірышчам Польшчы, якая прыйшла сюды ў пачатку 1920-х, лічыліся каталікі. А тут з’яўляюцца раптам каталікі-беларусы.

І польскія ўлады ўжывалі да БХД досыць актыўныя рэпрэсіі.

Беларускія ксяндзы былі між Сцылай і Харыбдай. Палякі вінавацілі ў пракамуністычнай агітацыі, бальшавікі ў прапольскай. Хоць і тыя, і другія разумелі, што гэтых арыентацый не было, а пераследуюць іх у рэальнасці за беларускі патрыятызм.

Асвячэнне помніка Казіміру Сваяку. Справа ў акулярах — Вінцэнт Гадлеўскі, злева ў святарскім уборы — Адам Станкевіч. Каля помніка стаіць ганаровая варта з беларускіх скаўтаў. Вільня, Росы, 1936 год.

Яшчэ рух хрысціянскіх дэмакратаў, у адрозненне ад сацыялістаў, быў паслядоўна за незалежнасць. Ён гэту ідэю пранёс праз усё ХХ стагоддзе і і ніколі ад яе не адракаўся дзеля ўз’яднання з СССР, як сацыялісты на пэўным этапе.

«НН»: Гадлеўскі выйшаў з БХД, калі партыю ў 1936 хацелі ператварыць у Беларускае народнае аб’яднанне. Што значыла гэтае ператварэнне?

АВ: Гэта звязана з расколамі ў беларускім руху. У 1922 годзе на выбары ў Сейм Польшчы беларускі рух выйшаў адзіным фронтам. І меў вялікі поспех. Але пасля стала ясна, што парламенцкім спосабам змяніць польскую палітыку ў дачыненні беларусаў немагчыма.

Грамада ў 1923—24 гадах пайшла сваім шляхам, паддаўшыся ўплывам Мінска і Масквы. Беларуская хрысціянская дэмакратыя арганізавалася ў 1926-м. І за дзесяць гадоў, да 1936-га, праз канфлікты і супярэчнасці, яна прыйшла да ідэі збліжэння і супрацы з левымі, да ўтварэння Беларускага народнага аб’яднання.

Гадлеўскі быў супраць, ён лічыў, што гэта ўзмацніць уплыў савецкіх спецслужбаў на беларускі нацыянальны рух. З гістарычнага пункту гледжання гэта была праўда. Стварэнне Народных франтоў (у Іспаніі, іншых месцах) — гэта быў тактычны ход Сталіна, скіраваны на падрыў сітуацыі ў капіталістычных краінах.

Так Гадлеўскі ў самым канцы 1930-х лагічна прыйшоў да супрацы з немцамі — проста больш нікога не заставалася. Іншых варыянтаў ён не бачыў.

«НН»: Няўжо Гадлеўскі не ведаў пра сапраўдныя намеры фашыстаў? Ці заплюшчваў вочы на гэта?

АВ: У пачатку 1939-га Гітлер лёгка забірае Аўстрыю, распраўляецца з Чэхаславакіяй. Гадлеўскі бачыў: будзе новы перападзел свету, на які беларусы не змогуць паўплываць. Дык можа, паспрабаваць атрымаць карысць ад яго?

Ад бальшавікоў, якія таксама прагнулі перападзелу, Гадлеўскі не чакаў нічога: Беларусь засталася б у тых самых умовах. Як і адбылося пасля 1945-га. Апагей яго спадзяванняў на немцаў прыпаў на 1940—41 гады.

«НН»: Як, у які момант і чаму адбыўся яго пераход на антынямецкія пазіцыі?

АВ: Адзіны нацыянал-сацыяліст у беларускім руху быў Фабіян Акінчыц. Ён ішоў на супрацу з фашыстамі з ідэйных перакананняў. Усе астатнія — з тактычных меркаванняў. Яны мусілі дэклараваць адданасць немцам, але, як дакументы сведчаць, ставілася галоўная задача: дабіцца, каб немцы далі магчымасць беларусам самаарганізавацца.

На многія рэчы, датычныя нямецкай усходняй палітыкі, Гадлеўскаму расплюшчыў вочы нямецкі навуковец Энгельгарт, аўтар кнігі «Вайсрусланд» (1943). Яны разам праехалі па Беларусі ў 1941 годзе. Энгельгарт не быў фашыстам, і ён адкрыта казаў Гадлеўскаму, што беларусам як нацыі ад немцаў няма на што спадзявацца.

«НН»: За што Гадлеўскага знішчылі? Ды яшчэ так сімвалічна — перад Божым Нараджэннем?

АВ: Я ў сваёй кнізе пастараўся адысці ад адназначных сцверджанняў. Няма прамых звестак пра лідарства Гадлеўскага ў БНП [Беларускай незалежніцкай партыі]. Увогуле, палітычныя расклады таго часу надзіва мала вывучаныя. Найбольшыя спецыялісты па гэтым перыядзе — Юры Туронак і Юрась Грыбоўскі. Туронак, напрыклад, захапляўся Іваноўскім. Я не хацеў, каб у мяне выйшла аналагічная «Гадлеўскацэнтрычная» гісторыя. Гэта доўгі час мяне стрымлівала ад кнігі.

Я налічыў сем верагодных прычын забойства Гадлеўскага. Не хацеў бы высоўваць нейкую адну як асноўную.

Гадлеўскі з канца 1941-га канфліктаваў з немцамі. Асабліва яго абурыў расстрэл двух беларускіх ксяндзоў. Гадлеўскі меў наўпростыя выхады на Берлін, пісаў туды і скардзіўся. Гэта не падабалася мясцовай нямецкай адміністрацыі, праз галаву якой ён дзейнічаў.

Бо ў Беларусі немцы стваралі кантраляваны хаос: кідалі кожнаму народу гэтай тэрыторыі — беларусам, палякам, літоўцам, апроч яўрэяў, канечне — нейкую падачку і назіралі, як народы грызуцца між сабой. Урэшце пачалася вайна ўсіх супраць усіх.

Што да версій — напрыклад,

Гадлеўскаму ў 1942 немцы прапанавалі ствараць аўтакефальны Касцёл, незалежны ад Рыма. Яны не маглі цярпець, што нейкая структура падпарадкоўваецца камусьці, вышэйшаму за Гітлера. Але Гадлеўскі не хацеў быць марыянеткай у іх руках.

Калі яго арыштавалі, многія пісалі: «Ён быў занадта вялікім патрыётам. Але не нямецкім». А гэта не дазвалялася.

Так, дарэчы, і Адаму Станкевічу бальшавікі прапаноўвалі стаць біскупам у Вільні, але адмовіцца ад падпарадкавання Папу. Ён не пагадзіўся і быў закатаваны ў Гулагу.

«НН»: Адкуль сталі вядомыя абставіны Гадлеўскага ў Трасцянцы?

АВ: Яны высветліліся нечакана, падчас суду ў Кобленцы, у Заходняй Нямеччыне ў 1960-я.

Судзілі Георга Хойзера, які ў вайну быў начальнікам мінскай паліцыі і вельмі маладым яшчэ чалавекам. Перакладчык перадаў сведчанні ягоных падзельнікаў пра тое, як яны прыехалі ў Чырвоны касцёл, арыштавалі Гадлеўскага, вывезлі ў Трасцянец. Хойзер вывеў яго з машыны ў цемру. Пасля пачуўся стрэл, Хойзер вярнуўся адзін і яны з’ехалі.

Хойзер не прызнаўся ў гэтым, але на яго хапала матэрыялу і так. Яго вінавацілі ў знішчэнні 10 000 чалавек, ён асабіста забіваў жанчын і дзяцей.

Ён памёр у 1980-я, адсядзеўшы ў турме ўсяго сем гадоў. Да арышту ён працаваў у паліцыі, калегі прынеслі яму ў суд букет кветак…

У 2010 годзе на месцы забойства Гадлеўскага ў Трасцянцы быў усталяваны крыж. Фота радыё «Свабода».

«НН»: Чаму менавіта сёлета вырашылі выдаць кнігу? Проста сабраўся матэрыял ці падгадалі да 100-годдзя БНР?

АВ: Так склаліся абставіны. Асобныя кавалкі былі ўжо гадоў восем як напісаныя. Напрыклад, прадмова да збору твораў Гадлеўскага.

«НН»: Гадлеўскі меў дачыненне да стварэння БНР. Якую пасаду ён займаў у Радзе, чым займаўся?

АВ: У Радзе БНР Гадлеўскі быў нядоўга і займаў другасную пазіцыю камісара па бежанскіх справах.

Яго рэальная палітычная кар’ера пачалася ў 1921-м, калі ён пачаў служыць у Жодзішках у касцёле па-беларуску. Нечакана гэта атрымала вялікую папулярнасць у прыхаджанаў. У 1925 яго аддалі пад суд, у 1927—28 ён правёў 16 месяцаў у Макатоўскай турме ў Варшаве.

Брама Макатоўскай турмы, дзе ў 1927—28 за беларускую дзейнасць сядзеў Вінцэнт Гадлеўскі.

Пасля Гадлеўскі быў выкінуты з парафіі, але не быў, як многія іншыя беларускія ксяндзы, выкінуты за межы этнічнай тэрыторыі. Бо многіх пераводзілі ў Польшчу, хтосьці з’язджаў у ЗША, у Харбін, Адам Станкевіч, не маючы магчымасці служыць, выкладаў у віленскіх школах.

Мы ўсё гаворым пра Гадлеўскага-палітыка, а важна згадаць і яго культурную дзейнасць. Ён зрабіў другі пераклад Новага Запавету на беларускую мову. Першы быў зроблены Дзекуць-Малеем, але пераклад Гадлеўскага — больш прафесійны.

Захаваліся запісы: ён працаваў з сямю мовамі падчас гэтай працы.

Таксама Гадлеўскі ўзначальваў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры — гэта было фактычна прадстаўніцтва БХД на вёсцы. Пад канец існавання у ім працавала тысяча чалавек, было 60 гурткоў. З усімі імі Гадлеўскі кантактаваў, знаходзіў ім сродкі, падтрымліваў.

Тагачасная БХД была ўнікальным рэсурсавым цэнтрам. Іх друкарня, напрыклад, выдала 60% усіх беларускіх выданняў Заходняй Беларусі!

«НН»: Ці жывуць у Беларусі сваякі Гадлеўскага?

АВ: Сваякоў я не знайшоў. Яго маці памерла ў 60-я, дзе — невядома. Дзядзька таксама. Сястра выехала ў Польшчу, там, мусіць, жывуць яе нашчадкі.

«НН»: Якая спадчына Гадлеўскага (матэрыяльная, дакументальная) захавалася да нашага часу?

АВ: У адрозненні ад Станкевіча, ён пакінуў не так і шмат напісанага. Але ёсць і адкрыцці, унікальныя рэчы: нядаўна з’явіўся ў Нацыянальным гістарычным архіве яго турэмны дзённік. Гэта 40-50 старонак ад рукі. Я яго цытую ў кнізе, але мела б сэнс выдаць цалкам.

Застаўся дом у Шурычах [Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці], дзе жыў яго дзядзька, Гадлеўскі бываў там. Вядома, стаіць і касцёл у Жодзішках, дзе ён служыў. 

Гадлеўскі гаворыць казань у Жодзішкаўскім касцёле, 1924 год.

Для мяне было адкрыццём, што яшчэ гадоў дзесяць таму Гадлеўскага ў Жодзішках памяталі. Бабулі ведалі малітвы па-беларуску, якіх ён вучыў. Жыў яшчэ стары закрыстыян касцёла — Рогач. Калі журналіст Сяргей Лескець хацеў у Жодзішках павесіць мемарыяльную шыльду Гадлеўскаму, а гэта не дазволілі, Рогач стукаў кульбай па падлозе і казаў: а я хацеў бы, каб была шыльда Гадлеўскаму.

Рогач успамінаў, як у 1942 годзе Гадлеўскі прыязджаў у Жодзішкі і казаў: скора надыдзе такі час, калі ні Пілсудскага, ні Сталіна ўжо больш не будзе. Пра Гітлера такога ён не мог сказаць, але людзі зразумелі і гэты намёк.

«НН»: Якога ўшанавання, на Вашу думку, заслугоўвае Гадлеўскі? З кім з сучаснікаў па значнасці яго можна параўнаць?

АВ: Цяжка казаць пра ўшанаванне: у грамадстве дагэтуль ёсць сканцэнтраванасць на падзеях Другой сусветнай вайны, і супраца з немцамі ў любой форме — балючы момант.

Я параўноўваю Гадлеўскага яго з індыйскім дзеячам Субхасам Чандра Босам. Ён быў паплечнікам Джавахарлала Неру і Махатмы Гандзі, але ў часе Другой сусветнай супрацоўнічаў з японцамі і ўзначальваў нават праяпонскую адміністрацыю ў Індыі. Ён загінуў падчас загадкавай катастрофы самалёта ў 1945-м.

Цяпер індусы яго шануюць як аднаго з бацькоў незалежнасці. Яго імем названы аэрапорт у Калькуце.

Гадлеўскі — асоба, безумоўна, трагічная. І мая кніга пра яго — гэта кніга для роздуму. Пра лёс чалавека, які ў надзвычай неспрыяльных для гэтага варунках вырашыў быць палітыкам і паўплываць на лёс свайго народа, а не заставацца староннім назіральнікам.

Атрымаць кнігу «Вінцэнт Гадлеўскі: насуперак часу» з аўтографам аўтара можна 1 сакавіка ў Гродне (этнакрама «Цудоўня», Вялікая Траецкая, 14, пачатак а 19.00) і 4 сакавіка ў Мінску, на стэндзе выдавецтва «Янушкевіч» Міжнароднай кніжнай выставы (будынак БелЭКСПа, пр. Пераможцаў, 14). Пачатак аўтограф-сесіі а 13-й.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру