Папуляцыі турападобнай каровы і тарпанападобнага каня могуць з'явіцца на тэрыторыі Беларусі ў найбліжэйшы час. Пра гэта паведаміў загадчык сектара НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Аляксандр Казулін, перадае БелТА.

Па словах Казуліна, паспяховы досвед развядзення некалі вымерлых жывёл ёсць у Нідэрландах — менавіта адтуль і могуць быць завезены некалькі асобін. Прычым праграма гадоўлі прадугледжвае, што жывёл у Беларусь перададуць бясплатна, але ў будучыні частку статка трэба будзе таксама перадаць камусьці яшчэ. Што немалаважна, гаворка ідзе аб замацаванні мікрапапуляцыі на вольным выпасе.

У свеце засяленне новых відаў капытных на пашы выкарыстоўваецца для аднаўлення адкрытых ландшафтаў. Менавіта з гэтай мэтай у Беларусі маюць намер завезці турападобную карову і тарпанападобнага каня — каб вырашыць праблему зарастання пашы і захаваць біяразнастайнасць. Калі ініцыятыва атрымае адабрэнне, будзе арганізавана паездка ў Нідэрланды для азнаямлення з вопытам гадоўлі, а затым і перадача жывёл — спачатку кароў, затым коней.

Апошні дзікі тур (Bos primigenus) памёр у 1627 годзе ў Польшчы, апошні тарпан (Equus gmelini) — у XIX стагоддзі ў Расіі. У 30-я гады ХХ стагоддзя братамі Хек метадам зваротнай селекцыі былі атрыманы формы жывёл, вельмі блізкія да тура і тарпанаў. Пасля вайны праект быў згорнуты, а праз 60 гадоў ідэя аднаўлення зніклых відаў зноў набыла прыхільнікаў, і турападобныя каровы і тарпанападобныя коні сталі вяртацца ў прыроду. Іх паўвольнае развядзенне ўсё больш практыкуецца ў Еўропе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0